Мінск 18:08

МЗС рэкамендавала грамадзянам устрымацца ад паездак у шэсць краін Еўропы ў сувязі з пратэстамі, якія там праходзяць

25 кастрычніка, Позірк. Міністэрства замежных спраў “настойліва рэкамендавала” грамадзянам Беларусі ўстрымацца ад “неабавязковых паездак” у шэсць краін Еўропы — Францыю, Бельгію, Італію, Іспанію, Партугалію і Албанію — у сувязі з акцыямі пратэсту, якія там праходзяць.

У заяве ведамства гаворыцца, што ў гэтых дзяржавах адзначаецца “рэзкае ўскладненне ўнутрыпалітычнай абстаноўкі, якое суправаджаецца масавымі акцыямі, у тым ліку з удзелам радыкальна настроеных асоб, паведамленнямі аб непрапарцыйным ужыванні сілы з боку праваахоўных органаў і адвольных затрыманнях”.

“У асобных рэгіёнах Францыі ўжо ўведзеная каменданцкая гадзіна. Не выключана яе распаўсюджванне на ўсю тэрыторыю краіны, увядзенне рэжыму надзвычайнага становішча, а таксама аналагічных абмежавальных мер — у іншых закранутых беспарадкамі дзяржавах, уключаючы абмежаванне працы грамадскага транспарту і перабоі ў працы інтэрнэту і сродкаў сувязі”, — заяўляе МЗС.

Грамадзянам Беларусі, якія знаходзяцца ў згаданых краінах, рэкамендавана “выконваць павышаныя меры асцярожнасці, пазбягаць месцаў масавага збору людзей і раёнаў правядзення пратэстных акцый, сачыць за паведамленнямі мясцовых уладаў і замежных устаноў Беларусі”.

“Пры далейшым абвастрэнні абстаноўкі рэкамендуем пакінуць тэрыторыі названых дзяржаў даступнымі камерцыйнымі маршрутамі”, — адзначае ведамства.

МЗС таксама звяртае ўвагу на “магчымыя абмежаванні даступнасці консульска-прававой дапамогі ў сувязі з малалікасцю дыпламатычнага складу беларускіх замежных устаноў у названых краінах”.

Пратэсты ў згаданых краінах праходзяць з сярэдзіны кастрычніка. Удзельнікі маніфестацый выступаюць супраць росту кошту жыцця, цэн на нерухомасць, падзення даходаў. Разам з мірнымі пратэстоўцамі ў масавых акцыях бяруць удзел радыкальныя групы, якія ладзяць на вуліцах беспарадкі — грамяць крамы, падпальваюць аўтамабілі, уступаюць у сутыкненні з паліцыяй і інш. Сілавыя органы ўжываюць у дачыненні да радыкалаў спецсродкі, многіх затрымліваюць.

Падзяліцца: