Мінск 00:22

Латушка лічыць “нелагічным” і “неадэкватным” візіт генсека АБСЕ ў Мінск, просіць яго ўзняць пытанне палітзняволеных

Ферыдун Сінірліаглу
Фота: Anadolu Ajansı

2 лістапада, Позірк. “Нелагічным” і “неадэкватным” назваў кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення (НАУ) Павел Латушка на сваім ютуб-канале будучы візіт у Мінск генеральнага сакратара АБСЕ Ферыдуна Сінірліаглу.

Паволе Латушкі, падобны візіт было складана ўявіць у той час, калі сам спікер яшчэ працаваў дыпламатам, “у сітуацыі масавых рэпрэсій, калі ў турмах сядзяць палітычныя зняволеныя, калі ідзе гібрыдная агрэсія супраць суседзяў, падтрымка агрэсіі супраць Украіны”.

Дыпламаты, прызнаў ён, “павінны размаўляць”, Сінірліаглу — міжнародны чыноўнік, які “павінен весці нейкую камунікацыю”, аднак, на думку Латушкі, “для гэтага ёсць пляцоўка ў Вене (штаб-кватэра АБСЕ знаходзіцца ў аўстрыйскай сталіцы. — “Позірк”.)”: “Няхай туды прыедзе тады прадстаўнік рэжыму [Аляксандра] Лукашэнкі”.

Пазней у тэлеграм-канале Аб’яднанага пераходнага кабінета (намеснікам кіраўніка з’яўляецца Латушка) з’явілася паведамленне, што ён накіраваў ліст генсаку АБСЕ, у якім паінфармаваў аб колькасці палітвязняў у Беларусі.

Палітык заклікаў генсака падчас візіту ў Менск узняць пытанне вызвалення ўсіх палітвязняў і спынення пераследу за палітычныя погляды.

“Асобная ўвага ў лісце [нададзена] пытанням бяспекі, — гаворыцца ў рэлізе. — [Латушка] падкрэсліў, што Беларусь павінна стаць краінай, якая забяспечвае бяспеку і стабільнасць у рэгіёне. Аднак пакуль Лукашэнка застаецца ва ўладзе, аб надзейных гарантыях бяспекі гаварыць не даводзіцца”.

У якасці аргумента аўтар “нагадаў, што беларуская тэрыторыя была выкарыстана для расійскай агрэсіі супраць Украіны. Рэжым таксама працягвае гібрыдныя агрэсіўныя дзеянні супраць суседніх дзяржаў — удзельніц АБСЕ і садзейнічае дыверсійнай дзейнасці”.

Палітык прапанаваў генсаку “заклікаць фактычныя беларускія ўлады пачаць інклюзіўны дыялог з грамадзянскай супольнасцю”.

Візіт у Мінск генсакратара АБСЕ анансаваў 30 кастрычніка намеснік міністра замежных спраў Ігар Сакрэта. Паводле яго слоў, Сінірліаглу наведае IV штогадовую “Мінскую міжнародную канферэнцыю па еўразійскай бяспецы” 3–4 лістапада. Раней паведамлялася, што для ўдзелу ў ёй прыбудзе кіраўнік МЗС РФ Сяргей Лаўроў.

17 верасня на пасяджэнні АБСЕ 37 краін — удзельніц Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе заклікалі ўлады Беларусі “неадкладна і безумоўна” вызваліць і рэабілітаваць усіх палітычных зняволеных, а таксама спыніць рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасці, незалежных СМІ і апазіцыі.

Асобна ў заяве згадвалася падтрымка Беларуссю вайны Расіі супраць Украіны, а таксама выкарыстанне нелегальнай міграцыі і “гібрыдных дзеянняў” супраць суседніх краін.

У прынятай 8 ліпеня рэзалюцыі па Беларусі дзяржавы – члены Парламенцкай асамблеі АБСЕ заклікалі ўзмацніць меры па барацьбе з транснацыянальнымі рэпрэсіямі і гарантаваць належную абарону беларусам за мяжой.

У дакуменце адзначалася, што Беларусь “пры рэжыме [Аляксандра] Лукашэнка больш не з’яўляецца фактарам стабільнасці ў рэгіёне, а хутчэй крыніцай пагроз рэгіянальнай бяспецы ў рамках АБСЕ”.

Беларусь, як сказана ў рэзалюцыі, “уяўляе сабой прамую ваенную пагрозу ў рэгіёне”.

ПА АБСЕ таксама звярнулася да дзяржаў-удзельніц з просьбай падтрымаць пашырэнне супрацоўніцтва з беларускімі дэмакратычнымі сіламі, уключаючы Каардынацыйную раду, Аб’яднаны пераходны кабінет і офіс дэмлідэра Святланы Ціханоўскай.

70-гадовы Ферыдун Сінірліаглу (Турцыя) займае пасаду са снежня 2024 года. Кадэнцыя генсека АБСЕ працягваецца тры гады.

З’яўляецца адным з намінантаў на пасаду генсака ААН.

Мінск падтрымлівае Маскву ў развязанай ёю ў лютым 2022 года поўнамаштабнай вайне супраць Украіны.

Паводле звестак праваабарончага цэнтру “Вясна“, на 2 лістапада палітычнымі зняволенымі ў Беларусі прызнана 887 чалавек.

Падзяліцца: