Нямецкія вайскоўцы ў Літве будуць адсочваць магчымае з’яўленне новых радараў СПА ў Беларусі

4 лістапада, Позірк. Аб распачатым зборы нямецкімі вайскоўцамі ў Літве радыёэлектроннай інфармацыі, якая дазволіць, у прыватнасці, выяўляць новыя радыёлакацыйныя станцыі супрацьпаветранай абароны ў Беларусі, паведаміў віцэ-адмірал бундэсвера Томас Даум, перадае літоўскі нацыянальны вяшчальнік LRT.
Паводле слоў военачальніка, звесткі будуць паступаць у базы радыёэлектроннай барацьбы і выкарыстоўвацца іншымі сістэмамі для выяўлення змяненняў у ваеннай інфраструктуры суседніх краін.
“Гэта дапаможа іншым нашым сістэмам вызначаць, напрыклад, ці ўстанаўлівае Беларусь новыя радыёлакацыйныя станцыі супрацьпаветранай абароны. Гэта таксама будзе дапамагаць нашым знішчальнікам Eurofighter пры выкананні задач або прадастаўляць інфармацыю падраздзяленням літоўскага войска“, — заявіў Даум.
Як адзначаецца ў публікацыі, вайскоўцы нямецкай брыгады, якая размяшчаецца ў Літве, абсталююць пазіцыі для сродкаў радыёэлектроннай барацьбы і выведкі. Яны ўжо пачалі вывучаць і класіфікаваць сігналы, якія паступаюць з Беларусі і Калінінградскай вобласці Расіі.
Такім чынам, 45-я нямецкая брыгада, поўнае разгортванне якой запланаванае на 2027 год, паступова фарміруе сістэму ранняга папярэджання аб пагрозах.
Нямецкія вайскоўцы таксама тэстуюць сродкі выяўлення беспілотнікаў і падаўлення сувязі, мантуюць абсталяванне радыёэлектроннага падаўлення і датчыкі для збору і аналізу інфармацыі.
Сёлета ў ліпені павераная ў справах Германіі ў Беларусі Катрын аўс дэм Зіпен заявіла, што размяшчэнне брыгады нямецкага бундэсвера ў Літве ў 2027 годзе закліканае абараніць Балтыю ў выпадку нападу з беларускай тэрыторыі.
Адказваючы на пытанне, што гэта значыць для Беларусі, дыпламат заявіла: “Брыгада павінна стрымліваць агрэсараў і ў выпадку нападу, вядома, абараніць нашых балтыйскіх саюзнікаў па НАТО. І гэта тычыцца таксама нападу з беларускай тэрыторыі. Бяспека Літвы і бяспека Германіі, з нашага пункту гледжання, звязаныя непарыўна. І з нямецкага пункту гледжання, гэтая брыгада — важны ўнёсак у мір, бяспеку і стабільнасць ва ўсім рэгіёне“.
45-я танкавая брыгада бундэсвера “Літва”, стварэнне якой пачалося ў красавіку 2025 года, павінна быць размешчана ў Руднінкаі (на поўдзень ад Вільнюса, на палове шляху да мяжы з Беларуссю, адлегласць да яе 11 км) і Рукле (30 км на паўночны ўсход ад Каўнаса, каля 140 км ад літоўска-беларускай мяжы).
26 верасня 2024 года, выступаючы ў Сейме Літвы, міністр абароны ФРГ Барыс Пісторыюс заявіў, што гэтая балтыйская краіна шмат гадоў сутыкаецца з “прамой, страшнай пагрозай з боку Расіі і Беларусі“.
- Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства
- Эканоміка
- Грамадства
- Грамадства
- Эканоміка
- Навіны Германіі, Палітыка
- Грамадства
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка, Эканоміка
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка



