Мінск 21:28

Генеральны сакратар АБСЕ па выніках візіту ў Мінск пацвердзіў цэнтральную ролю арганізацыі як пляцоўкі для дыялогу

Ферыдун Сінірліёглу
Фота: Renaud Cuny / OSCE

4 лістапада, Позірк. Генеральны сакратар Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (АБСЕ) Ферыдун Сінірліёглу падчас сустрэч у Мінску пацвердзіў цэнтральную ролю арганізацыі як пляцоўкі для дыялогу і дыпламатычнага ўзаемадзеяння, а таксама падкрэсліў яе ўсёабдымны падыход да бяспекі, паведаміла прэс-служба АБСЕ па выніках паездкі, якая завяршылася 4 лістапада.

Гэта быў першы афіцыйны візіт у Беларусь генеральнага сакратара АБСЕ. Адзначаецца, што ён сустрэўся з Аляксандрам Лукашэнкам і міністрам замежных спраў Максімам Рыжанковым, а таксама ўзяў удзел у IV Мінскай міжнароднай канферэнцыі па еўразійскай бяспецы.

Таксама паведамляецца, што на палях канферэнцыі генеральны сакратар АБСЕ правёў сустрэчу з міністрам замежных спраў Расіі Сяргеем Лаўровым.

Як паведамляў “Позірк“, 3 лістапада Лукашэнка на выступіў на канферэнцыі з крытыкай АБСЕ, заявіўшы, што арганізацыя “магла б нармальна працаваць, калі б ёй дазволілі“.

Паводле яго сцвярджэння, АБСЕ апынулася “далёка на задворках не толькі сусветных, але і еўрапейскіх працэсаў”.

Лукашэнка таксама заявіў, што арганізацыя павінна засяродзіцца на пытаннях бяспекі, у тым ліку кантролю над узбраеннямі, лёгкай стралковай зброі і мін.

“Што далей казаць, калі ў нашым доме ідзе вайна? Я сустракаўся з кіраўніком і генеральным сакратаром АБСЕ. Яны гэта там разумеюць. Усе чыноўнікі, якіх мы туды пасадзілі і плацім грошы, гэта разумеюць, але нічога зрабіць не могуць“, — сказаў палітык.

Ён таксама раскрытыкаваў дзейнасць АБСЕ па назіранні за выбарамі, абвінаваціўшы арганізацыю ў прадузятасці ў дачыненні да Беларусі і Расіі.

Пры гэтым улады ў Мінску фактычна перашкаджалі прадстаўнікам структур АБСЕ ўдзельнічаць у апошніх электаральных працэдурах у Беларусі.

Напрыклад, 8 студзеня 2024 года, за некалькі тыдняў да адзінага галасавання на мясцовых і парламенцкіх выбарах (25 лютага), Андрэй Дапкюнас, які тады займаў пасаду пастаяннага прадстаўніка Беларусі пры АБСЕ, прама заявіў, што місія Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ) гэтай арганізацыі не будзе запрошаная.

Міністэрства замежных спраў у сваім неафіцыйным тэлеграм-канале патлумачыла, што прычынамі адмовы ў назіранні сталі “геаграфічныя і функцыянальныя перакосы“ ў сістэме АБСЕ, “дэградацыя атмасферы міждзяржаўнага ўзаемадзеяння“ на яе прасторы і “пагаршэнне па віне Захаду лагістычных магчымасцяў выезду і ўезду з Беларусі“. Адначасова знешнепалітычнае ведамства заявіла пра гатоўнасць “перагледзець свае падыходы ў выпадку адмовы захаду ад незаконнай санкцыйнай палітыкі і спробаў ўмяшання ва ўнутраныя справы“ краіны.

У той жа дзень кіраўнік БДІПЧ і Парламенцкай асамблеі АБСЕ раскрытыкавалі рашэнне Мінска не запрашаць назіральнікаў ад іх структур, падкрэсліўшы, што яно супярэчыць міжнародным абавязацельствам Беларусі.

9 студзеня 2025 года, за 17 дзён да працэдуры, якую Мінск лічыў “прэзідэнцкімі выбарамі“, гэтыя ж інстытуты АБСЕ выступілі з сумеснай заявай, з якой вынікала, што іх прадстаўнікоў зноў не запрасілі назіраць за выбарчай кампаніяй. Праз тыдзень МЗС праз дзяржСМІ распаўсюдзіў сцвярджэнне, што запрашэнне БДІПЧ было накіраванае.

У 2020 годзе запрашэнне БДІПЧ назіраць за прэзідэнцкімі выбарамі, як адзначала бюро, было атрымана са спазненнем, таму яно не змагло накіраваць місію.

Падзяліцца: