Мінск 10:31

На зборах каманднага складу ВС выкарыстоўваліся “падземныя гарады” і пункты размяшчэння войскаў у “паглыбленых раёнах”

5 лістапада, Позірк. Аб “актыўным укараненні супрацьстаялымі бакамі ва Украіне новых тэхналогій, якія даюць магчымасць весці бескантактавыя баявыя дзеянні з прымяненнем розных інавацый”, заявіў 4 лістапада на адкрыцці збораў каманднага складу Узброеных сіл міністр абароны Беларусі Віктар Хрэнін.

Інавацыі, сказаў ён, выкарыстоўваюцца для вядзення разведкі, нанясення агнявога паражэння, а таксама “ў інтарэсах перамяшчэння людскіх і матэрыяльных рэсурсаў”.

Паводле інфармацыі ведамства, удзельнікам збораў дадзены рэкамендацыі “па рашэнню найбольш складаных задач падрыхтоўкі войскаў”.

Прайшлі практычныя заняткі з прыцягненнем механізаваных і танкавых падраздзяленняў, разлікаў ударных беспілотных авіяцыйных комплексаў, разведкі, інжынерных войскаў, вайсковай СПА, падраздзяленняў радыёхімабароны, тэхнічнага і тылавога забеспячэння.

Да афіцэраў даведзены “асноўныя тэндэнцыі развіцця ваенна-палітычнай абстаноўкі, якая складваецца вакол <…> Беларусі, аналіз стану сацыяльна-палітычнай абстаноўкі ў краіне і асаблівасці прымянення груповак войскаў (сіл) у аперацыях з улікам вопыту сучасных узброеных канфліктаў”.

Хрэніну прадставілі “адно з тэхнічных рашэнняў, якія дазваляюць супрацьстаяць беспілотнікам”. Падрабязнасці не прыводзяцца.

З паведамленняў ведамства вынікае, што на зборах таксама трэніраваліся выкарыстоўваць падземныя збудаванні. У прыватнасці, камандзір 51-й гвардзейскай артылерыйскай брыгады (Асіповічы, Магілёўская вобласць) Сяргей Чайко заявіў: “Шмат карысных і цікавых момантаў было паказана на гэтым зборы. Напрыклад, падземныя гарады. Гэта вельмі цікавая рэч, якая будзе ўзятая на ўзбраенне”.

Акрамя таго, быў прадэманстраваны “варыянт арганізацыі размяшчэння асабовага складу ў заглыбленых раёнах: абсталяванне пунктаў прыёму і размеркавання новага папаўнення, месцаў размяшчэння і харчавання, медыцынскіх пунктаў”.

Аляксандр Лукашэнка, наведваючы 6 кастрычніка гэтага года выпрабавальны палігон Інстытута парашковай металургіі ім. Романа (уваходзіць у структуру НАН), заявіў аб распрацоўцы такіх сродкаў, “якія дазволяць гарантавана і эфектыўна” змагацца з беспілотнымі лятальнымі апаратамі.

4 жніўня на нарадзе аб стварэнні Акадэміі інтэлектуальных тэхналогій Лукашэнка заявіў, што ў ёй, магчыма, змогуць вынайсці “прынцыпова новы магутны сродак барацьбы з беспілотнікамі”, які “абнуліць значэнне і ролю БПЛА”.

22 красавіка, наведваючы Мінскі аэраклуб ім. Грыцаўца, у гэтым кантэксце ён адзначыў: “Нашы нейкі лазер вынайшлі. Вось я хачу паглядзець. Даволі эфектыўны, міністр абароны кажа, на паўтара-два кіламетры спальваюць беспілотнік”.

Мінск падтрымліваюць Маскву ў развязанай ёю ў лютым 2022 года поўнамаштабнай вайне супраць Украіны. Перыядычна фіксуюцца залёты на тэрыторыю Беларусі баявых дронаў, вядомы факты іх дэтанацыі.

Падзяліцца: