Мінск 07:33

Ціханоўская пагутарыла з кіраўнікамі ўрадаў Грузіі і Венгрыі

13 лістапада, Позірк. З кіраўнікамі ўрадаў Грузіі і Венгрыі пагутарыла Святлана Ціханоўская на палях саміту Еўрапейскай палітычнай супольнасці ў Дубліне 12 лістапада, паведамляе прэс-служба дэмлідара.

Паводле яе інфармацыі, з Іракліем Кабахідзэ і міністрам замежных спраў Грузіі Макай Бачарышвілі палітык “падняла пытанні, якія датычацца беларусаў, што пражываюць у гэтай краіне, у прыватнасці цяжкасці з афармленнем дакументаў, легалізацыяй і атрыманнем дазволаў на пражыванне”.

Ціханоўская падкрэсліла важнасць абароны правоў беларусаў, вымушаных пакінуць радзіму праз палітычны пераслед.

Таксама яна ўпершыню сустрэлася з прэм’ер-міністрам Венгрыі Петэрам Мадзярам. Павіншаваўшы яго з перамогай на парламенцкіх выбарах, дэмлідар выказала надзею на развіццё супрацоўніцтва. Бакі абмеркавалі перспектыву візіту Ціханоўскай у Будапешт.

Грузія стала адной з асноўных краін знаходжання беларусаў, якія ўцяклі ад пераследу рэжымам Лукашэнкі ў 2020 годзе і пазней. Мясцовыя ўлады (з 2012 года краінай кіруе партыя “Грузінская мара” прарасійскага алігарха Бідзіны Іванішвілі) не задаволілі ніводнага іх хадайніцтва аб наданні прытулку.

У 2025 годзе было ўзмоцнена міграцыйнае заканадаўства — пасля затрымання замежнікаў, перадусім грамадзян РФ, якія ўдзельнічалі ў масавых акцыях пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў парламенцкіх выбараў 2024 года і адмовы “Грузінскай мары” ад курсу на збліжэнне з Еўрасаюзам. Сярод затрыманых быў беларус Яўген Муравіцкі, якому пасля вызвалення ўдалося вылецець у Літву.

Згодна з данымі МУС Грузіі, у трэцім квартале 2026 года заяў ад беларусаў аб наданні прытулку, як і адмоў, не было. У першай палове года атрымана 4 адмовы.

З 2019 года Грузія адхіліла ўсе 82 разгледжаныя хадайніцтвы грамадзян Беларусі аб наданні прытулку. Рэкордным стаў 2024 год — 50 адмоў, у тым ліку 12 непаўналетнім. У 2025 годзе было адмоўлена ў 22 прашэннях. За апошнія амаль восем гадоў грамадзяне Беларусі падалі 92 хадайніцтвы. Найбольш іх было ў 2024 годзе — 40; у 2025-м — дзевяць.

За тры кварталы 2026 года колькасць высланых з Грузіі грамадзян Беларусі дасягнула 39 (32 мужчыны, 7 жанчын), найбольш — 22 (19, 3) — ва ўзроставай катэгорыі ад 26 да 40 гадоў. Агульная колькасць высланых за 9 месяцаў замежнікаў — 3.170. Удзельная вага беларусаў — 1,23%.

Венгрыя застаецца адной з дзвюх краін ЕС, прадстаўленых у Беларусі на ўзроўні амбасадара (другая — Славакія), які быў прызначаны ў 2023 годзе, калі ва ўладзе ў краіне знаходзілася партыя “Фідэс” на чале з Віктарам Орбанам.

На парламенцкіх выбарах 12 красавіка 2026 года перамагла апазіцыйная партыя “Ціса” на чале з Мадзярам, якая атрымала канстытуцыйную большасць. 9 траўня ён уступіў на пасаду прэм’ер-міністра і завяршыў такім чынам 16-гадовае кіраванне Орбана ды яго партыі. 

Падзяліцца: