be
Arrow
Мінск 20:11

Ціханоўская абмеркавала з кіраўніком міжнароднай антыядзернай кампаніі пагрозы размяшчэння ў Беларусі ядзернай зброі

4 лютага, BPN. “Трывожныя пагрозы размяшчэння ядзернай зброі ў Беларусі па меры росту верагоднасці адкрытага канфлікту ў рэгіёне” абмеркавалі 3 лютага ў Вільнюсе беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская і выканаўчы дырэктар Міжнароднай кампаніі за забарону ядзернай зброі (ICAN) Беатрыс Фін, паведамляе прэс-служба кампаніі.

Суразмоўцы выказалі асцярогі наконт заяў Аляксандра Лукашэнкі і расійскіх чыноўнікаў аб магчымасці размяшчэння ў Беларусі ядзернай зброі. Адзначана, што цяперашняя Канстытуцыя замацоўвае за краінай бяз’ядзерны статус, аднак Лукашэнка “мае намер скасаваць гэтую норму шляхам незаконнага рэферэндуму 27 лютага”.

Фін заклікала беларускіх грамадзян “цвёрда супрацьстаяць зневажанню народнай волі і заклікала да дыпламатычнага наступу, каб не дапусціць падштурхоўвання да рэгіянальнага канфлікту”. Ціханоўская запэўніла, што “пад яе кіраўніцтвам Беларусь будзе прытрымлівацца грамадскай думкі, каб захаваць статус бяз’ядзернай і нейтральнай краіны”.

Бакі пагадзіліся з тым, што “ядзерная зброя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці козыру; працэс змянення Канстытуцыі для адмены статусу бяз’ядзернай краіны павінен быць спынены; вучэнні і палёты стратэгічнай авіяцыі павінны быць неадкладна спыненыя; свабодная грамадзянская супольнасць з’яўляецца абавязковай умовай бяспекі і працвітання Беларусі”.

“Мы не можам заплюшчваць вочы на прыгнечанне грамадзянскай супольнасці ў Беларусі ці дзе-небудзь яшчэ, — адзначыла Фін. — Дзяржава ніколі не будзе моцнай і бяспечнай без моцнай і паважанай грамадзянскай супольнасці. Рэгіён і свет сталі больш бяспечнымі з прычыны таго, што трыццаць гадоў беларусы адмаўляліся ад ядзернай зброі”.

“Беларусь — прыклад таго, як разбурэнне дэмакратычных інстытутаў прывяло да ператварэння рэжыму ў пагрозу міжнароднаму міру і бяспецы. <…> Цяпер Лукашэнка хоча адмовіцца ад статусу бяз’ядзернай і нейтральнай дзяржавы. На ўсё гэта народ не даваў сваёй згоды, гэта незаконна. Разам з ICAN і іншымі міжнароднымі суб’ектамі мы будзем дамагацца таго, каб Беларусь заставалася бяз’ядзернай і нейтральнай дзяржавай”, — заявіла ў сваю чаргу Ціханоўская.

Міжнародная кампанія за забарону ядзернай зброі была ініцыяваная ў верасні 2006 года ў Хельсінкі (Фінляндыя) на кангрэсе арганізацыі “Урачы свету за прадухіленне ядзернай вайны”, афіцыйна стартавала ў красавіку 2007-га. У 2017 годзе ICAN атрымала за сваю дзейнасць Нобелеўскую прэмію міру. Арганізацыя, якая ініцыявала кампанію, ганаравалася гэтай жа ўзнагароды ў 1985 годзе.

30 лістапада 2021 года ў інтэрв’ю гендырэктару агенцтва “Россия сегодня” Дзмітрыю Кісялёву Лукашэнка заявіў, што ў адказ на магчымае размяшчэнне ядзернай зброі НАТО ва Усходняй Еўропе прапануе прэзідэнту РФ Уладзіміру Пуціну вярнуць ядзерную зброю ў Беларусь.

На ўдакладняючае пытанне, якая менавіта ядзерная зброя, ён адказаў: “Мы дамовімся, якая. Тая ядзерная зброя, якая будзе найбольш эфектыўна пры такім судакрананні. Я ж нездарма сказаў: мы на тэрыторыі Беларусі да гэтага гатовы. Я як руплівы гаспадар нічога не разбурыў (інфраструктуру для ядзернай зброі часоў СССР. — BPN.), усе адрыны стаяць на месцы”.

17 снежня ў інтэрв’ю RT Arabic міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей заявіў, што ўлады гатовы размясціць на сваёй тэрыторыі ядзерную зброю ў выпадку пагрозы з боку НАТО.

“Тое, аб чым заявіў прэзідэнт Лукашэнка, аб тым, што мы разглядаем магчымасць размяшчэння на тэрыторыі Беларусі ядзернага ўзбраення, — гэта адзін з магчымых адказаў на будучыя магчымыя дзеянні з боку Паўночнаатлантычнага альянсу на тэрыторыі Польшчы”, — сказаў кіраўнік беларускага знешнепалітычнага ведамства.

Падзяліцца: