be
Arrow
Мінск 20:41

Афіцыйны часопіс ЕС апублікаваў спіс асоб, якія трапілі пад санкцыі за агрэсію РФ супраць Украіны, у ім 20 беларускіх военачальнікаў і чыноўнікаў

26 лютага, BPN. Афіцыйны часопіс Еўрапейскага саюза апублікаваў рашэнне Савета ЕС аб увядзенні санкцый “за дзеянні, якія падрываюць або пагражаюць тэрытарыяльнай цэласнасці, суверэнітэту і незалежнасці Украіны”.

Санкцыі ўведзеныя ў дачыненні да палітычнага і ваеннага кіраўніцтва Расіі, у тым ліку прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна, за прызнанне незалежнасці непадкантрольных Кіеву частак Данецкай і Луганскай абласцей (г. з. данецкая і луганская народныя рэспублікі), а таксама за расійскае ўварванне ва Украіну.

Акрамя таго, у спіс уключаны “асобы, якія садзейнічалі расійскай ваеннай агрэсіі з боку Беларусі”, — 20 военачальнікаў і чыноўнікаў.

Сярод ваенных пад санкцыі трапілі дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Аляксандр Вальфовіч, начальнік Генеральнага штаба Узброеных сіл Віктар Гулевіч, намеснікі міністра абароны Андрэй Жук, Сяргей Сіманенка і Андрэй Бурдыка, начальнік галоўнага ўпраўлення баявой падрыхтоўкі УС Андрэй Некрашэвіч, камандуючы сіламі спецыяльных аперацый Вадзім Дзенісенка, намеснік камандуючага ВПС і войскамі СПА — начальнік авіяцыі Андрэй Лук’яновіч, камандуючы войскамі Заходняга аператыўнага камандавання Ігар Дземідзенка і яго першы намеснік Уладзімір Купрыянюк.

Абмежаванні распаўсюджаныя таксама на камандзіра Лунінецкага аэрадрома Аляксандра Лазіцкага і начальніка штаба Аляксандра Пашкевіча, камандзіра 116-й гвардзейскай штурмавой авіябазы Аляксандра Крыўца, камандзіра 61-й знішчальніцкай авіябазы Юрыя Пыжыка, начальніка Гомельскай пагранічнай групы Уладзіслава Бруева, начальніка Мазырскага пагранічнага атрада Алега Эйбатава, начальніка Пінскага пагранатрада Дзмітрыя Віннікава.

У лік чыноўнікаў, якія трапілі пад санкцыі, увайшлі памочнік Аляксандра Лукашэнкі — інспектар па Гомельскай вобласці Мікалай Рагашчук, а таксама старшыні Брэсцкага і Гомельскага аблвыканкамаў Юрый Шулейка і Іван Крупко адпаведна.

Раніцай 24 лютага прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін аб’явіў аб пачатку “ваеннай аперацыі” ва Украіне пасля звароту так званых данецкай і луганскай народных рэспублік з просьбай “аказаць дапамогу ў адбіцці агрэсіі Кіева”. Ён заявіў, што РФ імкнецца да “дэмілітарызацыі і дэнацыфікацыі” Украіны.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ўвёў ваеннае становішча па ўсёй краіне і заявіў аб разрыве дыпламатычных адносін з Расіяй.

У першы дзень нападу РФ ва Украіну Аляксандр Лукашэнка на нарадзе з прадстаўнікамі свайго сілавога блока не выключыў, што расійскія войскі, якія засталіся ў Беларусі пасля сумесных вучэнняў “Саюзная рашучасць — 2022”, выкарыстаныя ў ваенных дзеяннях. Ён заявіў, што беларускія войскі не ўрываліся на тэрыторыю Украіны, аднак дадаў, што, “калі трэба будзе, калі гэта будзе неабходна Беларусі і Расіі, яны [там] будуць”.

Паводле інфармацыі ўкраінскага боку, баявыя дзеянні вядуцца ў тым ліку з беларускай тэрыторыі. Гэта таксама пацвярджаюць узятыя ў палон расійскія вайскоўцы.

Падзяліцца: