be
Arrow
Мінск 13:25

Ціханоўская: Некаторыя з фігурантаў “справы Аўтуховіча” не знаёмыя адно з адным, але для рэжыма гэта няважна

18 кастрычніка, BPN. З асуджэннем прысудаў па “справе Аўтуховіча” выступіла 17 кастрычніка дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская.

“Вар’яцкія тэрміны, якія людзі атрымалі пасля “суда” па “справе Аўтуховіча” — амаль 200 гадоў на 12 чалавек. Некаторыя з іх нават не знаёмыя адно з адным, але для рэжыма, які стварае ілюзію “тэрарыстычнай пагрозы”, гэта няважна”, — цытуе палітыка яе прэс-служба.

“Такую пагрозу дзяржаве, што рэжым ацаніў яе ў дзесяцігоддзі”, падкрэсліла яна, нясуць пенсіянерка Галіна Дзербыш, якая пакутуе ад анкалагічнага захворвання, інвалід без нагі Уладзімір Гундар, праваслаўны святар Сяргей Разановіч, пенсіянерка Ірына Мельхер, грамадзянскія актывісты і актывісткі.

“Не пенсіянеркі і актывісткі здрадзілі Беларусі. Гэта не яны давялі краіну да прорвы: да знішчэння іншадумства, да катаванняў у турмах, да росту цэнаў і падзення заробкаў, да размяшчэння войскаў акупантаў і дапамогі ў нападзе на іншую краіну”, — дадала экс-кандыдат у прэзідэнты.

Былога прадпрымальніка і грамадскага актывіста Мікалая Аўтуховіча прызналі вінаватым паводле дзесяці артыкулаў КК і прыгаварылі да 25 гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання першыя пяць гадоў у турме, 20 гадоў — у калоніі строгага рэжыму са штрафам у памеры 1 тыс. базавых велічынь (на сёння — 32 тыс. рублёў).

Разановіч прыгавораны да 16 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму са штрафам 600 базавых велічынь (на сёння — 19,2 тыс. рублёў).

Яго жонка Любоў Разановіч — да 15 гадоў калоніі агульнага рэжыму з аналагічным штрафам.

Іх сын Павел Разановіч — да 19 гадоў з адбываннем пакарання ў калоніі ўзмоцненага рэжыму са штрафам 800 БВ (25,6 тыс. рублёў).

Галіна Дзербыш — да 20 гадоў калоніі агульнага рэжыму са штрафам 700 БВ (22,4 тыс. рублёў).

Уладзімір Гундар — да 18 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму са штрафам 800 БВ.

Вольга Маёрава — да 20 гадоў калоніі агульнага рэжыму з аналагічным штрафам.

Ірына Гарачкіна — да 6 гадоў і аднаму месяцу калоніі са штрафам 300 БВ (9,6 тыс. рублёў).

Віктар Снягур — да 19 гадоў калоніі строгага рэжыму са штрафам 800 БВ.

Павал Сава — да 20 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму са штрафам 700 БВ.

Ірына Мельхер — да 17 гадоў пазбаўлення волі і штрафу 700 БВ.

Яе сын Антон Мельхер — да двух гадоў і шасці месяцаў (вызвалілі ў зале суда, бо ён адбыў тэрмін пакарання, знаходзячыся пад вартай у СІЗА).

Суд па “справе Аўтуховіча” пачаўся 18 траўня, у ім фігуравала 12 артыкулаў КК у розных спалучэннях.

Падзяліцца: