be
Arrow
Мінск 21:14

Прадстаўнік МЗС Украіны “катэгарычна адпрэчыў інсінуацыі” Лукашэнку аб датычнасці да падрыву расійскага самалёта

7 сакавіка, BPN. “Катэгарычна не прымаем інсінуацыі Аляксандра Лукашэнкі аб нібыта датычнасці ўкраінскага боку да падзей на аэрадроме Мачулішчы”, — напісаў у “Фэйсбуку” спікер МЗС Украіны Алег Нікаленка.

Паводле яго слоў, “гэта чарговая спроба стварыць штучную пагрозу з боку Украіны дзеля апраўдання сваёй падтрымкі агрэсіі Расіі”.

“Пагрозу трэба шукаць не ва Украіне, якая змагаецца за сябе і шукае міру. Яна ляжыць у Расіі, якая ўсяляк спрабуе яшчэ больш уцягнуць Беларусь у вайну, канчаткова пазбавіць яе незалежнасці і суверэнітэту”, — дадаў Нікаленка.

“Аляксандр Лукашэнка таксама дазволіў сабе грубы персанальны выпад у адрас прэзідэнта Украіны. Гэты акт бяссілля пакінем без адказу”, — паведаміў прадстаўнік ведамства.

26 лютага з’явілася інфармацыя аб выбухах на аэрадроме Мачулішчы (Мінская вобласць). Сцвярджалася, што пашкоджаны рэдкі і дарагі расійскі вайсковы самалёт А-50.

Аб’яднанне былых сілавікоў ByPol заявіла, што гэта вынік аперацыі ўдзельнікаў плана “Перамога”, якія выкарыстоўвалі дроны-камікадзэ. Кіраўнік аб’яднання Аляксандр Азараў зазначыў, што выканаўцы пакінулі Беларусь.

Дзяржаўныя СМІ і афіцыйныя асобы некалькі дзён ігнаравалі гэтую тэму, а пасля сталі масава распаўсюджваць заявы, што самалёт спраўны.

7 сакавіка Лукашэнка заявіў, што дыверсанта, які пашкодзіў А-50, узялі ў “кватэры пад Бараўлянамі”. Паводле яго слоў, гэта быў “тэракт”. Лукашэнка ўсклаў віну за тое, што адбылося на Кіеў і назваў у сувязі з гэтым прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага “гнідай”.

Па факце спробы ўчынення акта тэрарызму следчым упраўленнем КДБ узбуджана крымінальная справа па арт. 289 Крымінальнага кодэкса (акт тэрарызму). Затрымана больш за 20 чалавек, у тым ліку непасрэдны выканаўца — агент украінскай спецслужбы, заявілі ў КДБ.

За злоў меркаванага дыверсанта старшыня КДБ Іван Церцель узнагароджаны ордэнам “За службу Радзіме” I ступені, старшыня Дзяржпагранкамітэта Анатоль Лапо і міністр унутраных спраў Іван Кубракоў — ордэнам “За службу Радзіме” II ступені.

Кіраўнік ByPol Аляксандр Азараў заявіў BPN, што яму і аб’яднанню былых сілавікоў нічога не вядома пра чалавека, якога затрымалі.

Падзяліцца: