be
Arrow
Мінск 21:41

Лукашэнка — папу Францішку: Захад не разумее бесперспектыўнасць ціску на Беларусь

13 сакавіка, BPN. “Ужо які год” Мінск “спрабуе растлумачыць Захаду бесперспектыўнасць ціску на Беларусь, важнасць дыялогу, заснаванага на ўзаемапавазе, традыцыях, каштоўнасцях і нацыянальных інтарэсах кожнай краіны”, гаворыцца ў віншаванні Аляксандра Лукашэнкі папе рымскаму Францыску ў сувязі з 10-годдзем пачатку пантыфікату.

“Шмат у чым нашы погляды супадаюць, — прыводзіць тэкст паслання Лукашэнкі ягоная прэс-служба. — Па-першае, у неабходнасці шчырага пошуку міру ва Украіне і прыкладанні ўсіх магчымых намаганняў для яго ўстанаўлення з боку як палітычных лідараў, так і звычайных грамадзян”.

Ён згодзен з кіраўніком каталіцкай царквы ў тым, што неабходна пераасэнсаваць існуючыя адносіны ў глабальнай палітыцы.

“Увесь свет — гэта брацкія сувязі, заснаваныя на прабачэнні, яднанні, прымірэнні, а не на прыгнёце, паглынанні і навязванні сваіх поглядаў. Гэта адзін з пасылаў, якіх Беларусь прытрымліваецца ў межах аб’яўленага Года міру і стварэння”, — запэўнівае Лукашэнка.

На яго думку, не ўсе падзяляюць “наша імкненне слухаць і чуць адзін аднаго, весці перамовы і супрацоўнічаць”.

У канцы снежня мінулага года ў эфіры тэлеканала СТБ апостальскі нунцый у Беларусі Антэ Ёзіч заявіў, што Мінск зноў можа стаць цэнтрам для дасягнення міру ва Украіне, і “такія рухі” ў гэтым напрамку “ёсць на нізкім або высокім узроўні”.

“Я буду вельмі рады, калі будуць працягвацца мірныя перамовы. І тут, як гэта да гэтага часу было, і калі Ватыкан можа садзейнічаць гэтаму. Таму што Ватыкан будзе прадстаўляць усе намаганні: і сваю тэрыторыю, і розныя пляцоўкі, каб гэта сапраўды ажыццявіць” — сказаў Ёзіч.

17 снежня, віншуючы папу рымскага Францыска з днём нараджэння, Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ў Беларусі і Святога прастола “супадае бачанне” шляхоў вырашэння найбольш актуальных праблем сучаснага свету.

Раней Ватыкан асудзіў расійскую ваенную агрэсію супраць Украіны і прапанаваў пасярэдніцтва ва ўрэгуляванні канфлікту. Беларускае кіраўніцтва актыўна садзейнічае Расіі ў вядзенні вайны.

Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года адносіны дзяржавы і касцёла ў Беларусі ўскладніліся ў сувязі з тым, што многія каталіцкія іерархі і вернікі адкрыта выступілі супраць хвалі гвалту і рэпрэсій, якія рушылі ўслед за масавымі пратэстамі.

За апошнія два гады некаторыя святары прайшлі праз затрыманні, суды і арышты па палітычных матывах, некаторыя былі вымушаныя пакінуць Беларусь.

У 2014—2020 гадах у Мінску збіралася трохбаковая кантактная група па ўрэгуляванні сітуацыі на паўднёвым усходзе Украіны. Пасля пачатку пандэміі каранавіруса COVID-19 перамовы праводзіліся ў рэжыме відэаканферэнцсувязі. З пачаткам поўнамаштабнага расійскага ўварвання ў лютым 2022 года ТКГ перастала існаваць.

Падзяліцца: