be
Arrow
Мінск 21:16

Краіны ЕС за мінулыя суткі не дазволілі нелегальна трапіць у 106 мігрантаў з тэрыторыі Беларусі

25 чэрвеня, BPN. За папярэдні дзень, 24 чэрвеня, краіны Еўрасаюза не дазволілі нелегальна пракрасціся 106 мігрантам з тэрыторыі Беларусі (суткамі раней — 92).

Служба аховы дзяржаўнай граніцы Літвы зафіксавала 7 спроб незаконнага перасячэння граніцы з беларускага боку (адну).

Літоўскае ведамства са спасылкай на калег з Дзяржаўнай пагранічнай аховы Латвіі паведаміла, што ў папярэдні дзень папярэджаны 6 спроб нелегальнага пераходу беларуска-латвійскай мяжы (11).

Паводле інфармацыі Пагранічнай аховы Польшчы, за мінулыя суткі мяжу з боку Беларусі спрабавалі нелегальна перасекчы 93 іншаземцы (80), у тым ліку з Бангладэш, Індыі, Самалі, Егіпта, Судана і Йемена.

З пачатку года зафіксавана 18.385 спроб незаконнага пранікнення ў ЕС з беларускай тэрыторыі (у Польшчу — 12.957, Латвію — 4.179, Літву — 1.249), у тым ліку ў чэрвені — 2.866.

Памесячная статыстыка, якую вывеў BPN на падставе штодзённых звестак, сведчыць аб росце напружанасці на мяжы Беларусі і ЕС: у студзені было зроблена 1.989 спроб нелегальнага пераходу мяжы, лютым — 1.970, сакавіку — 3.401, красавіку — 3.440, траўні — 4.719.

Разбіўка па краінах: Польшча — 1.398 у студзені, 1.455 у лютым, 2.583 у сакавіку, 2.363 у красавіку, 2.959 у траўні; Латвія — 372 у студзені, 377 у лютым, 559 у сакавіку, 776 у красавіку, 1.549 у траўні; Літва — 219 у студзені, 138 у лютым, 259 у сакавіку, 301 у красавіку, 211 у траўні.

Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і краін ЕС пачаўся вясной 2021 года. Спачатку шматразовае павелічэнне колькасці нелегальных мігрантаў адчула Літва. Пасля таго як Вільнюс прыняў рашэнне не затрымліваць мігрантаў, а вяртаць у Беларусь, плыні нелегалаў пераарыентаваліся на Польшчу, а затым на Латвію.

Да пачатку вайны ва Украіне ў лютым 2022 года міграцыйныя патокі істотна скараціліся, але пасля зноў выраслі. Самы папулярны кірунак, як сведчыць статыстыка, — польскі.

Кіраўніцтва Польшчы і краінаў Балтыі ўскладае адказнасць за крызіс на беларускія ўлады, тыя ў адказ называюць яго прычынай дзеяння Захаду ў краінах, адкуль прыбываюць мігранты.

Падзяліцца: