Мінск 22:55

У Мазырскім пагранічным атрадзе салдат здзейсніў самагубства

Фота мае ілюстрацыйны характар
Крыніца: Дзяржпагранкамітэт

12 снежня, Позірк. На тэрыторыі пагранічнай заставы “Роза Люксембург” Мазырскага пагранічнага атрада (Ельскі раён Гомельскай вобласці) 11 снежня знойдзена цела вайскоўца 2003 года нараджэння з прыкметамі суіцыду, паведамляе сайт падраздзялення.

Малады чалавек быў прызваны на тэрміновую службу ў траўні 2023 года.

На месцы здарэння працуе следча-аператыўная група. “Прычыны здарэння высвятляюцца”, — гаворыцца ў паведамленні.

Кіраўніцтва Дзяржпагранкамітэта і камандаванне Мазырскага пагранічнага атрада “выказваюць спачуванні родным і блізкім ваеннаслужачага”.

Мазырскі пагранатрад створаны ў лістападзе 2014 года. Асабісты склад ахоўвае ўчастак мяжы з Украінай працягласцю больш за 370 км. У складзе атрада 6 лінейных пагранзастаў, 3 пагранпасты, рэзервовая застава, 4 аддзяленні пагранічнага кантролю. У адным будынку з заставай “Роза Люксембург” месціцца пагранзастава “Хаменкі”.

Сёлета было некалькі выпадкаў суіцыду ў беларускім войску.

У ноч на 4 жніўня ў 72-м аб’яднаным навучальным цэнтры (вайсковы гарадок Печы ў Барысаве, Мінская вобласць) застрэліўся салдат тэрміновай службы, паведамляў “Флагшток” са спасылкай на таварыша загінулага па службе. Паводле слоў крыніцы, той шукаў спосабы пазбегнуць прызыву ў войска, але беспаспяхова.

10 красавіка ў Брэсце застрэліўся 20-гадовы тэрміновец, які служыў у 38-й Брэсцкай асобнай дэсантна-штурмавой брыгадзе, паведамляў партал “Зеркало”. Чалавек, знаёмы з сітуацыяй, распавёў, што хлопец адслужыў мінімум паўгода.

Цела вайскоўца “з прыкметамі суіцыду” было знойдзена 20 сакавіка ў памяшканні аддзялення пагранкантролю “Высока-Літоўск” на беларуска-польскай мяжы. Пра гэта паведамляў Дзяржпагранкамітэт.

Аддзяленне месціцца ў вёсцы Абяроўшчына (Камянецкі раён Брэсцкай вобласці). Паводле інфармацыі ведамства, шэраговец 2003 года нараджэння быў прызваны ў кастрычніку 2022-га і праходзіў службу ў Брэсцкай пагрангрупе.

Падзяліцца: