Мінск 02:52

У 134 “патрыятычных клубах” пры органах унутраных спраў і ўнутраных войск займаецца 4,5 тыс. дзяцей — Кубракоў

Іван Кубракоў і старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава 1 снежня 2023 г. у спартзале воінскай часці ўнутраных войск 3214 (Уручча, Мінск) на сустрэчы з дзецьмі з трох "ваенна-патрыятычных клубаў" ("Рысь", "Граніт", "Адвага"). Мерапрыемства прайшло перад пасяджэннем калегіі МУС на тэму "падрыхтоўкі да правядзення выбарчай кампаніі 2024 года"
Стоп-кадр навагодняга звароту Івана Кубракова

1 студзеня, Позірк. “Пры органах унутраных спраў, а таксама ўнутраных войск створана 134 патрыятычныя клубы. 4.500 хлопчыкаў і дзяўчынак з’яўляюцца ўдзельнікамі дадзеных патрыятычных клубаў”, — такія лічбы прывёў міністр унутраных спраў Іван Кубракоў у навагоднім звароце да грамадзян.

“Прыемна ўсведамляць тое, што ўсё больш і больш маладых людзей жадаюць уступіць у нашы патрыятычныя клубы”, — заявіў міліцэйскі чыноўнік.

На яго думку, МУС “робіць усё для таго, каб нашы дзеці адчувалі сябе ў бяспецы”. “Пад патранажам на сённяшні дзень знаходзіцца больш як 200 школ-інтэрнатаў і спецыяльных школ”, — адзначыў ён.

“Да нас паступаюць шматлікія звароты нашых грамадзян аб жаданні дзяцей вучыцца ў нашым ліцэі Міністэрства ўнутраных спраў [у Мінску], — сказаў Кубракоў. — Кіраўніком нашай дзяржавы падтрымана стварэнне ліцэяў Міністэрства ўнутраных спраў ва ўсіх абласных цэнтрах. І вось у наступным 2024 годзе, 1 верасня, адчыніць свае дзверы магілёўскі ліцэй Міністэрства ўнутраных спраў”.

“2023 год прайшоў пад знакам міру і стварэння. Органамі ўнутраных спраў было зроблена ўсё для таго, каб забяспечыць мір і парадак на нашай зямлі”, — заявіў міністр.

“У 2024 годзе нам з вамі трэба будзе забяспечыць ахову грамадскага парадку пры правядзенні розных мерапрыемстваў, у тым ліку і грамадска-палітычных”, — адзначыў ён. “Асобныя словы падзякі” Кубракоў адрасаваў “нашым грамадзянам, якія аказваюць дапамогу ў раскрыцці злачынстваў, а таксама ў забеспячэнні аховы грамадскага парадку”. Такіх грамадзян, паводле сцвярджэння кіраўніка МУС, “становіцца ўсё больш, якія неабыякавыя і ніколі не праходзяць міма ўчыненага правапарушэння або злачынства”. “Нізкі вам паклон”, — заявіў Кубракоў.

У 2023 годзе, які, на яго думку, “прайшоў пад знакам міру і стварэння”, у краіне працягнуліся рэпрэсіі па палітычных матывах. Блізкія да структураў МУС прапагандысцкія каналы рэгулярна размяшчалі відэазапісы, зробленыя ў разгромленых сілавікамі кватэрах, пры жорсткіх затрыманнях нелаяльных грамадзян, а таксама “пакаянні” затрыманых, зробленыя пад прымусам. Неаднаразова ў паведамленнях гэтых каналаў выказвалася падзяка “неабыякавым грамадзянам”.

Улады не хаваюць, што пад патрыятызмам разумеюць вернасць рэжыму і гатоўнасць яго абараняць. Пасля падаўлення масавых выступленняў супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў 2020 года на карысць Аляксандра Лукашэнкі ў навучальных установах узмоцнена т.зв. патрыятычная і выхаваўчая праца ў надзеі, што маладыя людзі ўспрымуць і будуць прытрымлівацца ўстановак рэжыму. У асяроддзі настаўнікаў школ і выкладчыкаў ВНУ працягваюцца чысткі па палітычных матывах.

Сам Кубракоў, які знаходзіцца пад санкцыямі Захаду, наладзіў супрацоўніцтва з расійскай намінальна прыватнай ваеннай кампаніяй “Вагнер”, якую да сваёй гібелі ў авіякатастрофе 23 жніўня 2023 года ўзначальваў Яўген Прыгожын, былы рэстаратар прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна. Баевікі ПВК прыбылі ў Беларусь пасля рашэння Прыгожына не працягваць мяцеж супраць Міністэрства абароны РФ. ПВК адзначылася асаблівай жорсткасцю ва Украіне ў адносінах як да чужых, так і да сваіх.

Падзяліцца: