Мінск 04:55

Лукашэнка ўнёс папраўкі ў законы аб прэзідэнце, дзейнасці рэлігійных арганізацый і кіраванні жылфондам

Ілюстратыўнае фота: "Позірк"

3 студзеня, Позірк. Аляксандр Лукашэнка 3 студзеня падпісаў папраўкі да закона аб прэзідэнце Беларусі, законаў па пытаннях дзейнасці рэлігійных арганізацый і кіравання жыллёвым фондам і яго эксплуатацыі. Пра гэта паведамляе ягоная прэс-служба 3 студзеня.

У законе аб прэзідэнце ўдакладняюцца патрабаванні да кандыдата на гэтую пасаду. Яго мінімальны ўзрост падвышаны з 35 да 40 гадоў, неабходны перыяд сталага пражывання ў краіне перад выбарамі павялічаны з 10 да 20 гадоў. Акрамя таго, цяпер кандыдатам у прэзідэнты не можа быць чалавек, які мае або меў раней замежнае грамадзянства, від на жыхарства ў іншай краіне, іншы дакумент, які дае права на льготы і іншыя перавагі за межамі Беларусі.

Таксама ўстанаўліваецца, што прэзідэнт з гэтага часу “ўзначальвае сістэму дзяржаўнай службы, з’яўляецца дэлегатам Усебеларускага народнага сходу (УНС)”, можа “ўносіць УНС прапановы па абранні старшынь, намеснікаў і суддзяў Канстытуцыйнага і Вярхоўнага судоў, старшыні і членаў Цэнтральнай выбарчай камісіі, а таксама прапановы аб магчымасці накіравання вайскоўцаў за межы Беларусі для ўдзелу ў забеспячэнні калектыўнай бяспекі і дзейнасці па падтрыманні міжнароднага міру і бяспекі”.

Акрамя таго, вызначаецца “статус прэзідэнта Беларусі, які спыніў выкананне паўнамоцтваў”.

Шэраг аналітыкаў адзначаў, што змены Асноўнага закона выключаюць з ліку прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта не толькі грамадзян, якія пакінулі краіну і атрымалі ВНЖ, што дазваляе законна знаходзіцца на тэрыторыі замежнай дзяржавы, але і ўладальнікаў “карты паляка”.

Змяненні ў закон “па пытаннях дзейнасці рэлігійных арганізацый” фактычна забараняе ім праяўляць палітычную актыўнасць не ў фарватары ўладаў.

У праекце закона, прынятым ніжняй палатай парламента ў першым чытанні 11 кастрычніка мінулага года, прапаноўвалася забараніць “выкарыстанне ў месцах богаслужэнняў любой сімволікі, акрамя рэлігійнай, размяшчэнне тэкстаў і выяваў, накіраваных на распальванне рэлігійнай варожасці і варожасці”. Рэлігійным арганізацыям забараняецца займацца дзейнасцю, накіраванай “супраць суверэнітэту Рэспублікі Беларусь, яе канстытуцыйнага ладу і грамадзянскай згоды”, “палітычнай дзейнасцю”, удзельнічаць у працы палітычных партый.

Рэлігійная арганізацыя можа быць ліквідавана, калі яе дзейнасць не адпавядае “асноўным напрамкам унутранай і знешняй палітыкі” Беларусі, яе “канстытуцыйнага ладу і грамадзянскай згоды”, накіравана на “дыскрэдытацыю дзяржаўнай улады”, “прапаганду вайны, сацыяльнай, нацыянальнай, рэлігійнай, расавай варожасці, іншай экстрэмісцкай дзейнасці, прыніжэнне нацыянальнага гонару і годнасці, нанясенне шкоды здароўю і маральнасці грамадзян, перашкоду атрыманню абавязковай агульнай сярэдняй адукацыі”.

Акрамя таго, на працягу года пасля ўваходжання закона ў сілу, павінна прайсці перарэгістрацыя рэлігійных арганізацый.

Змяненні ў законы па пытаннях кіравання жыллёвым фондам і яго эксплуатацыі прадугледжваюць “узмацненне адказнасці старшынь праўленняў за парушэнне заканадаўства пры прадастаўленні жыллёва-камунальных паслуг, паслуг па кіраванні агульнай маёмасцю сумеснага домаўладання, а таксама за невыкананне законных патрабаванняў мясцовых органаў улады”.

Таксама з гэтага часу сродкі на капітальны рамонт, пералічаныя арганізацыямі ўласнікаў “будуць акумулявацца толькі на спецрахунку выканкамаў”. Пры гэтым “таварыствам уласнікаў прадастаўлена права пералічваць на названыя рахункі таксама сродкі, раней сабраныя імі на сваіх рахунках”.

Падзяліцца: