Мінск 07:25

МАРГ рэгулюе каля 85% цэн на спажывецкім рынку — міністр Багданаў

Фота: pixabay.com

19 студзеня, Позірк. Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю (МАРГ) “ажыццяўляе рэгуляторыку практычна 85% усіх коштаў, якія ёсць на спажывецкім рынку”, заявіў на паседжанні Рэспубліканскага клуба дырэктараў 19 студзеня ў Мінску кіраўнік ведамства Аляксей Багданаў.

Міністр адзначыў, што сёлета Аляксандрам Лукашэнкам зафіксаваныя “дастаткова жорсткія параметры па інфляцыі” (па выніках года яна не павінна перавысіць 6%. — Позірк“.). Усталяваны паказчык, на думку Багданава, “усё ж такі жорсткі, і выканаць яго будзе нават трошкі складаней, чым летась”.

На фоне планаў утрымання інфляцыі, улады маюць намер захаваць рэжым дзяржрэгулявання коштаў. “Іншага інструмента мы пакуль не прыдумалі”, — сказаў Багданаў.

Паводле слоў чыноўніка, пастанова №713 “Аб сістэме рэгулявання коштаў” была “складана ўспрынятая” і бізнесам, і дзяржпрадпрыемствамі, але за год яго дзеяння “нічога крытычнага не здарылася”.

“Тавары як былі, так і засталіся. Прадпрыемствы працуюць, кампаніі працуюць, навучыліся па-новаму ажыццяўляць сваю дзейнасць. Так, нейкія тавары сышлі з рынку, замясціліся іншымі, але гэта натуральны працэс, які адбываецца пастаянна па тых ці іншых прычынах. Паводле нашых ацэнак, негатыўнага ўплыву [пастанова аб дзяржрэгуляванні коштаў] не аказала на эканоміку”, — рэзюмаваў кіраўнік МАРГ.

6 кастрычніка 2022 года па выніках праведзенай у той жа дзень нарады Лукашэнка падпісаў дырэктыву № 10 “Аб недапушчальнасці росту коштаў”.

19 кастрычніка з’явілася пастанова № 713 у першай рэдакцыі.

29 снежня 2023 была прынятая чацвёртая рэдакцыя дакумента, згодна з якой без узгаднення з дзяржорганамі дазваляецца павышэнне коштаў не больш чым на 0,3% штомесяц на кантраляваныя тавары (усяго 331 пазіцыя, 124 адносяцца да харчавання, 207 — да нехарчовых тавараў).

Падзяліцца: