Мінск 21:15

Саўмін зацвердзіў міграцыйную канцэпцыю для вяртання на радзіму беларусаў, якія з’ехалі

25 студзеня, Позірк. Канцэпцыя міграцыйнай палітыкі Беларусі на 2024–2028 гады зацверджаная пастановай Савета міністраў ад 23 студзеня. Дакумент апублікаваны 25 студзеня на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

“Вынікі аналізу міграцыйнай сітуацыі ў Рэспубліцы Беларусь сведчаць аб неабходнасці павышэння эфектыўнасці дзяржаўнага кіравання міграцыяй, забеспячэння нацыянальных інтарэсаў у гэтай сферы”, — адзначаецца сярод іншага ў 9-старонкавай пастанове.

Падкрэсліваецца, што “міграцыйныя працэсы адыгрываюць значную ролю ў сацыяльна-эканамічным і дэмаграфічным развіцці” Беларусі, што “на працягу доўгага часу міграцыйны прырост у значнай ступені кампенсаваў натуральнае змяншэнне насельніцтва”, аднак цяпер “назіраецца міграцыйны адток” за мяжу “грамадзян, якія выязджаюць у мэтах заняткі працоўнай дзейнасцю і на пастаяннае месца жыхарства”.

Пры гэтым, на думку аўтараў канцэпцыі, цяперашнія тэндэнцыі ў міграцыйнай сферы Беларусі абумоўленыя “эканамічнымі і сацыяльнымі фактарамі, геаграфічным становішчам”, а таксама “палітычнай сітуацыяй і міграцыйнай палітыкай у суседніх краінах”.

Дакумент канстатуе неабходнасць прыняцця “дадатковых мер па стварэнні прывабных падатковых, сацыяльных і іншых умоў для ўзмацнення прытоку ў краіну высокакваліфікаванай замежнай працоўнай сілы і ўдасканалення механізмаў яе адаптацыі і інтэграцыі ў грамадства”.

Таксама заяўляецца пра важнасць “зніжэння адтоку грамадзян за межы Рэспублікі Беларусь, захавання кадравага патэнцыялу краіны і стымулявання вяртання грамадзян на радзіму”.

Сярод асноўных напрамкаў міграцыйнай палітыкі называюцца стымуляванне “добраахвотнага перасялення ў Рэспубліку Беларусь на пастаяннае месца жыхарства асоб, якія валодаюць падобнымі з народам Беларусі духоўнымі каштоўнасцямі <…>”, “распрацоўка і прыняцце дадатковых мер па стымуляванні вяртання беларускіх грамадзян, якія выехалі на працу” за мяжу.

У мэтах вяртання тых, хто выехаў, на радзіму, мяркуецца “правядзенне інфармацыйных кампаній аб магчымасцях працаўладкавання ў Рэспубліцы Беларусь”.

“Для павышэння эфектыўнасці дзяржаўнага кіравання міграцыяй неабходна аптымізаваць напрамкі і ўзмацніць меры ўздзеяння дзяржавы на міграцыйныя працэсы ў частцы забеспячэння станоўчага сальда знешняй міграцыі і памяншэння эміграцыі, забяспечыць захаванне свайго інтэлектуальнага, дэмаграфічнага і працоўнага патэнцыялу, процідзейнічаць незаконнай міграцыі, узмацніць асвятленне ў сродках масавай інфармацыі нацыянальных інтарэсаў у сферы міграцыі”, — гаворыцца ў дакуменце.

Пастанова загадвае МУС па ўзгадненні з КДБ, Дзяржпагранкамітэтам, Дзяржмыткамітэтам, МЗС, Мінпрацы, Мінэканомікі, Мінспорту, Мінздароўя, Міністэрствам адукацыі і Нацыянальнай акадэміяй навук у трохмесячны тэрмін зацвердзіць праграму па рэалізацыі канцэпцыі. На гэтыя ж ведамствы ўскладзены кантроль за выкананнем пастановы. Яна ўступае ў сілу з дня прыняцця.

18 студзеня начальнік Дэпартамента грамадзянства і міграцыі МУС Аляксей Бягун заявіў у эфіры АНТ, што за 2021–2022 гады з Беларусі з розных прычын выехала больш за 200 тыс. грамадзян.

Намеснік міністра ўнутраных спраў Мікалай Карпянкоў у кастрычніку мінулага года заяўляў, што пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020-га “за мяжу ўцякла 350 тыс. тых, хто нас не падтрымлівае”.

Падзяліцца:
be