Мінск 18:19

Конкурс на месца ў ПП НС у параўнанні з мінулымі выбарамі скараціўся ўдвая (абноўлена)

Крыніца: ЦВК

31 студзеня, Позірк. На 110 месцаў у Палаце прадстаўнікоў восьмага склікання пасля рэгістрацыі Цэнтральнай выбарчай камісіяй прэтэндуе 265 кандыдатаў, паведаміў 31 студзеня дзяржСМІ старшыня ЦВК Ігар Карпенка.

Такім чынам, у параўнанні з парламенцкімі выбарамі 2019 года колькасць зарэгістраваных ЦВК кандыдатаў зменшылася ў 2,1 раза (558), а 2016 года — у 1,97 раза (521).

Бягучы конкурс на дэпутацкае месца складае 2,4 чалавека, у 2019 годзе — 5,07, 2016 — 4,74.

З зарэгістраваных 10 грамадзян да 31 года. Самаму маладому кандыдату — 23 гады.

“92 кандыдаты — жанчыны”, — сказаў Карпенка.

Паводле яго даных, “у дэпутаты вылучаюцца чатыры пенсіянеры, самаму ўзроставаму 66 гадоў, а таксама адзін беспрацоўны”.

Згодна з інфармацыяй ЦВК, на 12.512 месцаў у мясцовых Саветах дэпутатаў будуць прэтэндаваць 18.802 кандыдаты, то бок у гэтым сегменце конкурс складае 1,5 чалавекі на месца.

У гэтым годзе ўпершыню ў Беларусі пройдуць аб’яднаныя выбары ў Палату прадстаўнікоў і мясцовыя саветы. Адзіны дзень галасавання прызначаны на 25 лютага.

Кампанія праходзіць на фоне маштабных палітычных рэпрэсій і зачысткі палітычнага поля ад апазіцыі ўнутры краіны.

Падчас выбараў будзе забаронена фатаграфаваць і выкладваць у інтэрнэт запоўнены бланк бюлетэня — як падчас датэрміновага галасавання, так і ў дзень выбараў. За парушэнне гэтага патрабавання пагражае адміністрацыйная адказнасць.

У 2020 годзе на прэзідэнцкіх выбарах многія выбаршчыкі фатаграфавалі свае бюлетэні і адпраўлялі на электронную платформу “Голас”, што стала адным са сведчанняў фальсіфікацыі ўладамі вынікаў галасавання на карысць Аляксандра Лукашэнкі.

З 1996 года незалежныя назіральнікі не прызналі ніводную выбарчую кампанію ў Беларусі транспарэнтнай і адпаведнай стандартам АБСЕ.

Абнаўленне.

Паводле даных на сайце ЦВК, сярод кандыдатаў у дэпутаты 112 членаў Рэспубліканскай партыі “Белая Русь”, 33 члены Камуністычнай партыі Беларусі, 36 членаў Ліберальна-дэмакратычнай партыі, а таксама 22 члены Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці.

У ніжняй палаце маюць намер застацца 20 дэпутатаў.

Ад Мінска на месцы ў Палаце прадстаўнікоў прэтэндуе шэраг сілавікоў і прапагандыстаў: начальнік Ваеннай акадэміі Генадзь Лепяшко, начальнік штаба Міністэрства ўнутраных спраў Ігар Пашкоў, прэс-сакратар Генеральнай пракуратуры Анжаліка Курчак, памочнік Аляксандра Лукашэнкі — інспектар па Мінску Аляксандр Барсукоў (былы начальнік сталічнай намеснік кіраўніка МУС), рэктар Акадэміі кіравання пры прэзідэнце Вячаслаў Данілавіч, дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі і старшыня праўлення таварыства “Веды” Вадзім Гігін, нядаўна прызначаны саветнікам-пасланнікам пасольства Беларусі ў РФ Аляксандр Шпакоўскі, генеральны сакратар Беларускага Чырвонага Крыжа Дзмітрый Шаўцоў, абвінавачаны ў датычнасці да незаконнага вывазу дзяцей з акупаваных Расіяй тэрыторый Украіны.

Разлічвае перайсці ў ніжнюю палату парламента старшыня Пастаяннай камісіі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Савета Рэспублікі Сяргей Рачкоў, зарэгістраваны дырэктар Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў Вадзім Іпатаў.

У Віцебскай вобласці вылучаны кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі Ігар Сяргеенка.

У Гродзенскай вобласці на месцы ў парламенце прэтэндуюць кіраўнікі праўладных Беларускай партыі “Белая Русь”, член Савета Рэспублікі Алег Раманаў і Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаіл Арда.

У Мінскай вобласці вылучаны дзейная міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч і начальнік упраўлення Следчага камітэта па Мінскай вобласці Андрэй Ліс.

Таксама на месца ў ПП НС прэтэндуе старшыня калегіі па крымінальных справах Гомельскага абласнога суда Мікалай Маратаеў.

Падзяліцца: