Мінск 01:00

У Польшчы беларус прыгавораны да чатырох гадоў зняволення за шпіянаж на карысць РФ

Фота: unsplash.com

2 лютага, Позірк. Беластоцкі акруговы суд (Польшча) прыгаварыў беларуса і расіяніна да чатырох гадоў пазбаўлення волі. Працэс праходзіў у закрытым рэжыме, прысуд можа быць абскарджаны, паведамляе Polskie radio.

Паводле звестак абвінавачвання, мужчыны збіралі інфармацыю аб польскіх вайсковых падраздзяленнях, іх дыслакацыі, размяшчэнні, аснашчэнні і кадравым складзе, а таксама аб “падраздзяленнях саюзных войскаў”. Мэтай было “выяўленне асноўных элементаў польскіх Узброеных сіл і атрыманне інфармацыі, асабліва датычнай задач салдат польскага войска ў раёне мяжы з Беларуссю ў сувязі з міграцыйным крызісам”.

Справу расследаваў аддзел вайсковых спраў Варшаўскай акруговай пракуратуры. Абвінавачванні тычыліся шпіёнскай дзейнасці на карысць расійскай вайсковай разведкі ў перыяд з 2017 да 2022 года.

Абодва фігуранты справы знаходзіліся ў Польшчы на законных падставах. Паводле звестак следства, беларус вучыўся ў адной з ВНУ Беластока, а затым працаваў у сферы падрыхтоўкі да скачкоў з парашутам. Сацыяльныя кантакты выкарыстаў у сваёй працы на расійскую вайсковую разведку.

Расіянін працаваў у сферы культурнай дзейнасці і турызму.

Мужчыны былі затрыманыя ў красавіку 2022 года, знаходзяцца пад арыштам.

Служба вайсковай контрразведкі (СВК) Польшчы паведамляла, што ў 2022 годзе “польскія службы затрымалі 20 чалавек, якія падазраюцца ў супрацоўніцтве з расійскай ці беларускай разведкай”.

Падзяліцца: