Мінск 13:56

Пасля 8 спакойных дзён аднавіліся спробы нелегальнага перасячэння мяжы ЕС з Беларусі

Мігранты на мяжы Беларусі і ЕС (архіўнае фота)
Фота: Дзяржпагранкамітэт

5 лютага, Позірк. За мінулыя суткі, 4 лютага, Памежная ахова Польшчы не дазволіла нелегальна трапіць 17 замежнікам з тэрыторыі Беларусі. У Літве і Латвіі спробаў незаконнага перасячэння мяжы не зафіксавалі, сведчыць праведзены “Позіркам” аналіз статыстыкі памежных службаў суседніх дзяржаў ЕС.

Такім чынам, спробы нелегальна трапіць у ЕС з Беларусі аднавіліся пасля 8 спакойных дзён.

Ад пачатку міграцыйнага крызісу (вясна 2021 года) задакументавана 19 выпадкаў (з пачатку года — 18), калі мігранты не спрабавалі перасекчы мяжу з беларускай тэрыторыі. Так было 4, 7, 8, 12, 13, 16, 20, 21, 23, 25, 27, 28, 29, 30, 31 студзеня, 1, 2 і 3 лютага 2024 года, а таксама 29 лістапада 2023-га.

З пачатку 2024 года краіны ЕС спынілі 113 спробаў нелегальнага пранікнення з Беларусі (Польшча — 104, Латвія — 5, Літва — 4).

Усяго ў 2023 годзе прадухілена 42.078 спробаў незаконнага перасячэння мяжы з боку Беларусі (Польшча — 25.571, Латвія — 13.863, Літва — 2.644), у 2022-м — 31.892 (Польшча — 15.655, Латвія — 5.026, Літва — 11.211). Агульны рост склаў 31,9% (на польскім напрамку — у 1,6 раза, латвійскім — у 2,8 раза; на літоўскім зафіксавана зніжэнне ў 4,2 раза).

Статыстыка, выведзеная “Позіркам” на падставе штодзённых даных, сведчыць, што напружанасць на мяжы Беларусі і ЕС вагаецца, да канца 2023 года яна прыкметна знізілася, тэндэнцыя назіраецца і на пачатку 2024-га.

Падзяліцца: