Мінск 17:43

У студзені фізічныя асобы, прадпрыемствы-рэзідэнты і банкі былі чыстымі пакупнікамі замежнай валюты

Фота: freepik.com

7 лютага, Позірк. У студзені попыт на валюту перавысіў прапанову на 180 млн долараў, пры гэтым чыстымі пакупнікамі выступілі фізічныя асобы, прадпрыемствы-рэзідэнты і банкі, паведамляецца ў справаздачы Нацбанка.

Фізічныя асобы набылі замежнай валюты на 905 млн долараў, прадалі на 891 млн, розніца склала 14 млн. Наяўнай валюты набыта на 564,2 млн, прададзена на 702,4 млн (на 138,2 млн больш), безнаяўнай — 340,8 млн і 188,6 млн (152,1 млн).

Банкі-рэзідэнты і “Банк развіцця” за названы перыяд купілі валюты на 4 млрд 249,8 млн долараў, прадалі на 4 млрд 180,6 млн (розніца 69,2 млн).

Суб’екты гаспадарання — рэзідэнты набылі ў студзені валюты на 2 млрд 121,8 млн долараў, прадалі на 1 млрд 983,8 млн (137,9 млн). Нерэзідэнты купілі на 185,4 млн долараў, прадалі на 226,5 млн (41 млн).

Абарот валютнага рынку ў студзені склаў 7 млрд 746,1 млн долараў.

У 2023 годзе жыхары Беларусі прадалі замежнай валюты больш, чым купілі. За год насельніцтва набыло наяўнай валюты на 6 млрд 31,7 млн долараў, прадало — на 7 млрд 904,7 млн.

Безнаяўнай валюты жыхары краіны купілі на 3 млрд 904,7 млн, рэалізавалі на 2 млрд 213,3 млн.

Усяго наяўнай і безнаяўнай валюты за год яны набылі на 9 млрд 825,7, прадалі на 10 млрд 117,9 млн. Склалася адмоўнае сальда на ўзроўні 292,2 млн.

Падзяліцца: