Мінск 04:57

Ціханоўская абмеркавала з міністрамі абароны Латвіі і Эстоніі размяшчэнне ў Беларусі ядзернай зброі

Фото: Минобороны России

18 лютага, Позірк. На палях Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы Святлана Ціханоўская абмеркавала з міністрамі абароны Латвіі і Эстоніі Андрысам Спрудсам і Хана Пеўкурам размяшчэнне ў Беларусі расійскай тактычнай ядзернай зброі, сумесныя расійска-беларускія вайсковыя вучэнні і “намаганні Лукашэнкі зарабляць на вайне”, паведаміў “Позірку” галоўны дарадца дэмакратычнага лідара Франак Вячорка.

Паводле яго слоў, Ціханоўская заклікала міністраў “раздзяляць рэжым і беларусаў”, запэўніла іх, што “ні ў беларускім грамадстве, ні ў беларускай арміі няма настрояў на канфрантацыю і ўдзел у вайне”, таму “спробы Лукашэнкі ўцягнуць беларусаў у вайну не маюць перспектыў”.

Палітык падкрэсліла “крытычную важнасць” Беларусі для прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна ў кантэксце вайны ва Украіне і “магчымай эскалацыі супраць краін Захаду”, у сувязі з чым “неабходна больш увагі надаваць гэтаму пытанню”, дадаў дарадца.

Ён адзначыў, што Ціханоўская падзякавала Латвіі і Эстоніі за падтрымку Украіны і заклікала міністраў аказаць дапамогу беларускім добраахвотнікам, у тым ліку палку Каліноўскага. “Дамовіліся перадаць [Мінабароны Латвіі і Эстроніі] спіс канкрэтных патрэбаў”, — удакладніў Вячорка.

“Таксама, — сказаў ён, — Ціханоўская і міністры дамовіліся абменьвацца інфармацыяй па сітуацыі ўнутры Беларусі, наладзіць супрацу на экспертным узроўні і з Аб’яднаным пераходным кабінетам”.

Гл. таксама:

Ціханоўская заклікала свет да “моцнага і рашучага” адказу на фоне заяў Лукашэнкі пра ядзерную зброю ў Беларусі

Падзяліцца: