Мінск 22:49

Журналістку Алену Шабуню завочна судзілі паводле двух адміністрацыйных артыкулаў 

Фота: сацсеткі Алены Шабуні

19 лютага, Позірк. Суд Першамайскага раёна Віцебска завочна разгледзеў справу журналісткі Алены Шабуні, якую абвінавачвалі паводле паводле двух артыкулаў КаАП — 19.11 (распаўсюджванне, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або прапагандуе такую дзейнасць) і 24.23 (парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў).

Як адзначае Беларуская асацыяцыя журналістаў, позва ў суд была выпісана Шабуні на 21 лютага, але разгляд справы адбыўся 16 лютага. Рашэнне невядомае.

Паводле слоў журналісткі, якая зараз пражывае за межамі Беларусі, пратаколы былі складзеныя пасля вывучэння яе сацсетак: за падпіску на “экстрэмісцкі” рэсурс ёй інкрымінавалі арт. 19.11, за фотаздымак з выявай бел-чырвона-белага сцяга і сцягоў Украіны і Польшчы — ч. 1 арт. 24.23.

“Наяўнасць гэтага здымка расцанілі як “несанкцыянаванае пікетаванне”, — сказала Шабуня.

Справу журналісткі разглядаў суддзя Міхаіл Юрчанка, які яе судзіў у кастрычніку 2020 года за “ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве”. Тады за асвятленне акцыі пратэсту для тэлеканала “Белсат” Шабуню аштрафавалі на 5 базавых велічынь.

Падзяліцца: