Мінск 21:39

Украіна засяродзіла на мяжы з Беларуссю 112–114 тыс. вайскоўцаў — Хрэнін

Фота: Мінабароны

22 лютага, Позірк. Узброеныя сілы Украіны засяродзілі на мяжы з Беларуссю “ўдарную групоўку” колькасцю 112–114 тыс. чалавек, заявіў міністр абароны Віктар Хрэнін у інтэрв’ю тэлеканалу “Расія-24”.

Паводле яго слоў, каля 17 тыс. вайскоўцаў “прыцягваюцца для непасрэднай аховы ўкраінска-беларускай мяжы”.

Хрэнін сцвярджае, гэтая сітуацыя “не патрабуе нарошчвання дадатковых вайсковых сіл Беларусі на мяжы з Украінай”, аднак небяспеку ўяўляюць дыверсійныя групы, якія “ідуць з украінскага боку”.

16 лютага Камітэт дзяржбяспекі заявіў, што ў выніку “чэкісцкай аперацыі” ў Лельчыцкім раёне (Гомельская вобласць) затрыманыя тры чалавекі: грамадзяне Украіны Сяргей і Павел Кабарчукі (бацька і сын) і грамадзянін Беларусі, жыхар Брэста 1970 года нараджэння Віталь Уласюк.

Паведамлялася, што ў ноч на 15 лютага “было зафіксаванае парушэнне групай грамадзян дзяржаўнай мяжы Беларусі з боку Украіны”, “у выніку правядзення пошукавых мерапрыемстваў асобныя з іх затрыманыя”.

Аб затрыманні раніцай 16 лютага “некалькіх дыверсантаў на ўкраінскай мяжы” заявіў Аляксандр Лукашэнка на агульным сходзе Белкаапсаюза ў Мінску. “Чэкісцкая ваенная аперацыя завяршылася, затрыманыя былі ўсе дыверсанты, сярод іх беларусы. І гэта практычна два-тры разы на тыдзень. Мы можам супакоіцца? Не можам”, — сказаў Лукашэнка.

Паводле яго слоў, “з дапамогай дронаў, па балотах некаторыя з украінскіх грамадзян перапаўзалі на нашу мяжу, перакідвалі выбухоўку для здзяйснення дыверсій на тэрыторыі Расіі і Беларусі”.

Пазней высветлілася, што ў дачыненні да Кабарчукоў ва Украіне распачатыя крымінальныя справы за кантрабанду наркотыкаў.

Улады ў Мінску рэгулярна абвінавачваюць краіны Захаду ў агрэсіўных намерах у дачыненні да Беларусі, але ніводнага доказу гэтаму дагэтуль не прадстаўлена.

У той жа час Лукашэнка адкрыта падтрымлівае расійскую агрэсію супраць Украіны, перыядычна пагражае “імгненна” ўжыць расійскую ядзерную зброю ў выпадку “нападу” на Беларусь, прадаставіў тэрыторыю краіны для баевікоў расійскай вайсковай кампаніі “Вагнер”, якія, як ён заявіў у ліпені, нібыта рвуцца “схадзіць на экскурсію” ў Польшчу — Варшаву і Жэшуў (праз гэты польскі горад Украіне пастаўляецца частка заходняй зброі і вайсковай тэхнікі).

Падзяліцца: