Мінск 16:11

Памёр галоўны рэдактар выдання “Беларусы і рынак” Андрэй Аляксандровіч

Фота: "Еўрарадыё"

25 лютага, Позірк. У Варшаве на 50-м годзе жыцця памёр галоўны рэдактар незалежнага выдання “Беларусы і рынак” Андрэй Аляксандровіч. Пра гэта паведамляецца ў тэлеграм-канале медыя.

Паводле дадзеных публіцыста Севярына Квяткоўскага, смерць наступіла ў выніку запалення падстраўнікавай залозы.

Александровіч супрацоўнічаў з “Беларускай дзелавой газетай”, Deutsche Welle, праектам Thinktank.

Пакінуў Беларусь у траўні 2023 года.

6 красавіка Мінскі гарадскі суд прыгаварыў да 4 гадоў пазбаўлення волі Канстанціна Залатых — дырэктара кампаніі “Медыярынак”, якая валодае выданнем “Беларусы і рынак”.

Залатых абвінавачвалі ў “распальванні сацыяльнай варожасці і варажнечы” (ч.2 арт. 130 Крымінальнага кодэкса), “абразе прэзідэнта” (ч. 1 арт. 368), “абразе прадстаўніка ўлады” (арт. 369), “перавышэнні службовых паўнамоцтваў” (ч. 2 арт. 426).

18 траўня 2022 года Камітэт дзяржбяспекі затрымаў Залатых, Аляксандровіча і бухгалтара Юлію Кахно. Аляксандровіча і Кахно ў той жа дзень адпусцілі, Залатых змясцілі ў СІЗА.

23 ліпеня Міністэрства інфармацыі заблакавала доступ да сайта выдання “Беларусы і рынак” (belmarket.by) “па прычыне распаўсюджвання на сайце выдання гіперспасылак на матэрыялы, якія прызнаны судом экстрэмісцкімі”. Сайт быў даступны за межамі краіны, аднак на ім абнаўляўся толькі раздзел навін.

1 снежня Мінінфарм ануляваў рэгістрацыю друкаванага выдання, якое выходзіла 32 гады.

Разам з тым 22 снежня 2022 года інфармацыйны рэгулятар разблакаваў сайт “БР” у сувязі з “усталяваннем факту адсутнасці парушэння заканадаўчых актаў”. Кампанія “Медыярынак”, якая выдавала штомесячнік, звязала гэта з тым, што рэдакцыя самастойна заблакавала “значную частку кантэнту”, перш за ўсё публікацыі аб палітычнай сітуацыі ў Беларусі.

Газета “Беларусы і рынак” была заснаваная ў снежні 1990 года як штотыднёвік “Беларускі рынак”. Цяперашнюю назву атрымала ў верасні 2005 года пасля ўказа Аляксандра Лукашэнкі “Аб дадатковых мерах па ўпарадкаванні выкарыстання слоў “нацыянальны” і “беларускі”. Апошнія гады выходзіла ў фармаце штомесячніка.

8 снежня 2023 года Беларуская асацыяцыя журналістаў паведаміла пра смерць 60-гадовага Вадзіма Аляксандровіча — шматгадовага аўтара выдання “Беларусы і рынак” і цёзкі Андрэя Аляксандровіча.

Падзяліцца: