Мінск 04:08

За відэазапіс з участку для галасавання затрымана жанчына

Алена Карпенка
Крыніца: сацсеткі

26 лютага, Позірк. За відэазапіс з участку для галасавання затрымана жанчына, вынікае з паведамлення праўладнага тэлеграм-канала.

Сілавікі сцвярджаюць, што мастачка-керамістка даслала запіс нейкім “экстрэмістам” пасля таго, як зрабіла яго пасля заканчэння галасавання.

Жанчына заявіла сілавікам, што адправіла запіс знаёмай, якая жыве за мяжой, далейшы лёс файла невядомы. Паводле звестак “Нашай нівы”, жанчыну клічуць Алена Карпенка.

Таксама перад закрыццём участку ў апошні дзень датэрміновага галасавання 24 лютага ў Гомельскай вобласці выбаршчык зрабіў фота запоўненага бюлетэня, на яго складзены адміністрацыйны пратакол, паведамляе праўладны Цэнтр грамадскага назірання.

Акрамя таго, у Гомелі на выбарчым участку затрымалі мужчыну, які знаходзіцца ў вышуку за крымінальнае злачынства, сцвярджае цэнтр.

Адзіны дзень галасавання на выбарах у Палату прадстаўнікоў і мясцовыя рады дэпутатаў прайшоў 25 лютага. Электаральная кампанія вялася на фоне маштабных рэпрэсій і зачысткі палітычнага поля ад апазіцыі. У ёй удзельнічалі выключна прыхільнікі Аляксандра Лукашэнкі.

Фота- і відэаздымка на выбарчых участках назіральнікамі і галасуючымі была забаронена.

Аб непрызнанні выбараў заявіў Дзяржаўны дэпартамент ЗША, з адпаведным заклікам выступіла парламенцкая група “За дэмакратычную Беларусь” у Вярхоўнай Радзе Украіны, раскрытыкавалі МЗС Германіі і група “Дэмакратычная Беларусь” у Бундэстагу, ПАСЕ.

Падзяліцца: