Мінск 01:02

29 лютага абноўлены тэмпературны рэкорд дня за ўвесь перыяд метэаназіранняў

Архіўнае фота: "Позірк"

1 сакавіка, Позірк. Тэмпературны рэкорд дня за ўвесь перыяд інструментальных метэаназіранняў абноўлены ў Беларусі 29 лютага, сведчыць праведзены “Позіркам” параўнальны аналіз аператыўных і архіўных даных Белгідрамета.

У Пінску паветра прагрэлася да 11,4 градуса. Ранейшы максімум складаў 10,6 градуса і быў зафіксаваны ў 2000 годзе ў Лельчыцах. У самім Пінску лакальны рэкорд перавышаны больш чым на 2 градусы (9,1 у 2000 годзе).

Агулам мінулым днём абноўлена 13 экстрэмумаў: у Лельчыцах — 11,1, Брагіне — таксама 11,1 (было 10,1 у 2000 годзе), Жыткавічах — 10,6 (9,4 у 2000-м), Ганцавічах — 9,9 (8,6 у 2008-м), Васілевічах — 9,1 (8,6 у 2000-м), Акцябрскім — 8,8 (8 у 2000-м), Слуцку — 8,5 (6,7 у 2008-м), Бабруйску — таксама 8,5 (7,2 у 2008-м), Мар’інай Горцы — 7,9 (6,2 у 2000-м), Клічаве — таксама 7,9 (6,9 у 2008-м), Беразіно — 7,8 (7 у 2000-м), Касцюковічах — 5,6 (5,1 у 2000-м).

На метэастанцыі “Палеская” ў Лунінецкім раёне лакальны максімум паўтораны (10,2 градуса ў 2008 годзе).

Тэмпературныя рэкорды ў краіне фіксуюцца трэці дзень запар. Агулам перапісана 62 лакальных экстрэмуму (27 лютага — 27, 28-га — 22). У Ганцавічах і Слуцку рэкорды абнаўляліся ўсе тры дні, у Мінску — 27 і 28 лютага (11,9 супраць 10,5 градуса ў 1990 годзе і 11,3 супраць 9,6 у 2017-м).

1 сакавіка сіноптыкі прагназуюць да 15 градусаў цяпла на паўднёвым захадзе краіны. Абсалютны максімум дня — 14,1 у Лельчыцах (у 1989 годзе).

Падзяліцца: