Ціханоўская: Моладзь Еўропы мусіць працягнуць руку сваім беларускім братам і сёстрам

22 кастрычніка, Позірк. Салідарызавацца з беларускай моладдзю заклікала маладых людзей у Еўрасаюзе дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская, выступаючы 22 кастрычніка ў Браўншвайгу на форуме Моладзевага саюза Германіі.
Ціханоўская, словы якой перадае яе прэс-служба, звярнула ўвагу, што ў Браўншвайгу ўпершыню была пастаўлена опера “Фаўст” Іагана Вольфганга фон Гётэ на музыку Антонія Генрыха Радзівіла — палітыка, кампазітара і мецэната, гісторыя жыцця якога была звязана ў тым ліку з беларускай зямлёй. Будучы адным з палітычных лідараў паўстання Тадэвуша Касцюшкі, задушанага Расійскай імперыяй, ён быў вымушаны бегчы ў Прусію.
“Гэта гісторыя не толькі пра еўрапейскую спадчыну беларусаў, якая бясспрэчная, — падкрэсліла дэмлідар. — Гэта гісторыя не толькі пра культурны абмен паміж Беларуссю і Германіяй. Гэта таксама гісторыя пра рашучы шлях Беларусі да свабоды”.
“Сёння гісторыя паўтараецца. Як і 200 гадоў таму, беларусы змагаюцца з імперыяй. І зноў многія вымушаны ўцякаць з краіны. І зноў Германія разам з нашымі суседзямі — Літвой, Польшчай, Латвіяй і іншымі краінамі — дае надзейны прытулак беларускім змагарам за свабоду, студэнтам, дзеячам культуры і навукі”, — дадала яна.
Ціханоўская нагадала, што ў 2020 годзе “мірнае паўстанне было жорстка задушана” сілавікамі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, а Расія “цалкам падтрымала яго”, аказаўшы “фінансавую, вайсковую і палітычную падтрымку”. Лукашэнка, сказала яна, прагнуў захаваць уладу, а Уладзімір Пуцін — “прывязаць Беларусь да Расіі і падпарадкаваць яе”, каб “выкарыстаць у якасці плацдарма для агрэсіі супраць Украіны”.
Але для Пуціна, перакананая дэмлідар, Беларусь і Украіна “не з’яўляюцца канчатковай мэтай”, ён “хоча аслабіць Еўрапейскі саюз і прывесці еўраатлантычную супольнасць да краху”. На яе думку, калі б “усе дзейнічалі больш рашуча ў 2020 годзе”, не было б “ўварвання ва Украіну”, “выкрадзеных украінскіх дзяцей, незаконна вывезеных у Беларусь”, “сагнанага самалёта Ryanair”, “зрэжысаванага міграцыйнага крызісу на мяжы ЕС” , “ніякай ядзернай зброі і наймітаў “Вагнера” на беларускай тэрыторыі.
Сёння Масква, лічыць палітык, праводзіць у дачыненні да Беларусі палітыку неакаланіялізму, выкарыстоўвае яе тэрыторыю “для канфрантацыі з еўрапейскімі суседзямі”. “Мы змагаемся не толькі за свабодную дэмакратычную Беларусь, але і за самое існаванне нашай краіны. Расія з дапамогай Лукашэнкі спрабуе знішчыць нашу нацыянальную ідэнтычнасць і сцерці нас з твару зямлі”, — перакананая Ціханоўская.
Паводле слоў дэмлідара, у Беларусі статус палітвязня мае каля 1,5 тыс. чалавек, многія з іх — маладыя людзі. У 2020 годзе, адзначыла яна, моладзь была “рухаючай сілай прыхільнікаў перамен”, у 2022-м маладыя людзі сталі “рэйкавымі партызанамі”, добраахвотнікамі адзінак, якія змагаюцца супраць РФ на баку Украіны.
Беларусы “не хочуць жыць ва ўмовах дыктатуры, у “рускім свеце”, а тым больш паміраць за яго”, аднак сёння пратэсты ў краіне спалучаныя з вялікай рызыкай, канстатавала палітык.
“Менавіта таму мы павінны стаць голасам тых, у каго яго няма. Моладзь Еўропы мусіць працягнуць руку салідарнасці сваім беларускім сёстрам і братам. Вельмі важна падтрымаць Украіну, не менш важна не забываць пра Беларусь”, — заявіла яна.
Ціханоўская заклікала запрашаць моладзевыя адгалінаванні дэ-юрэ ліквідаваных беларускіх дэмакратычных партый на еўрапейскія мерапрыемствы, арганізоўваць для іх стажыроўкі. Яна падкрэсліла, што Еўропа і ЕС “не будуць поўнымі без Беларусі”. Толькі з аднаўленнем сваіх “еўрапейскіх сямейных сувязей” Беларусь стане бяспечнай прасторай, захавае незалежнасць і нацыянальную ідэнтычнасць.
“Я разлічваю на падтрымку маладых еўрапейцаў на нашым шляху да Еўропы і свабоды. Падтрымка барацьбы беларусаў за свабоду сёння, як і падтрымка Украіны, — гэта не дабрачыннасць. Гэта інвестыцыі ў нашу бяспечную, квітнеючую і дэмакратычную еўрапейскую будучыню”, — заявіла Ціханоўская.
У рамках форуму дэмлідар паразмаўляла з прэзідэнтам Еўрапейскай камісіі Урсулай фон дэр Ляен ды іншымі еўрапейскімі палітыкамі.


- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- ЭканомікаНапрыканцы ліпеня на аб'ектах АПК адбылося восем пажараў — знішчаны аўтамабіль, сена ў рулонах, рапс у сушылцыМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, ПалітыкаХроніка палітычных рэпрэсій за 31 ліпеня — 1 жніўня 2025 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Палітыка
- Эканоміка
- ЭканомікаКурс наяўнага долара паказаў месячны рост упершыню пасля лістапада 2024 года (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- ПалітыкаДэмсілы Беларусі зацікаўленыя больш узаемадзейнічаць з ПА АБСЕ — Ціханоўская (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, ПалітыкаЦіханоўская абмеркавала са спікерам фінскага парламента важнасць падтрымкі праеўрапейскіх настрояў сярод беларусаўМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства