Мінск 20:49

Тэнісісткі Сабаленка і Азаранка змогуць выступіць на Алімпіядзе

Арына Сабаленка і Вікторыя Азаранка
Фота: WTA

7 сакавіка, Позірк. Міжнародная федэрацыя тэніса (ІТФ) дапусціла тэнісістаў Беларусі і Расіі да Алімпійскіх гульняў 2024 года, якія пройдуць у Парыжы 26 ліпеня — 11 жніўня.

У паведамленні арганізацыі адзначаецца, што выступіць ім дазволена ў нейтральным статусе, пры гэтым “спартсмены павінны будуць адпавядаць патрабаванням адбору і прымальнасці” ІТФ.

“Рашэнне ІТФ адпавядае большасці міжнародных федэрацый у дачыненні да індывідуальных спаборніцтваў і спартсменаў, якія ўдзельнічаюць у гульнях 2024 года. Пазіцыя ІТФ таксама адпавядае існай міжнароднай палітыцы тэніса, якая была прынятая ў сакавіку 2022 года”, — гаворыцца ў заяве.

На сёння “патрабаванням адбору” (па сутнасці, высокаму міжнароднаму рэйтынгу) адпавядаюць дзве беларускія тэнісісткі — Арына Сабаленка (2-я ракетка свету) і Вікторыя Азаранка (30).

28 лютага 2022 года, неўзабаве пасля падтрыманага афіцыйным Мінскам ўварвання РФ ва Украіну, Міжнародны алімпійскі камітэт (МАК) заклікаў міжнародныя спартыўныя федэрацыі не дапускаць да спаборніцтваў атлетаў з Расіі і Беларусі. Гэтая рэкамендацыя была неадкладна і масава прынятая да выканання.

Пры гэтым тэнісісты дзвюх краін захавалі магчымасць удзельнічаць у турнірах пад эгідай Асацыяцыі тэнісістаў-прафесіяналаў (ATP) і жаночай асацыяцыі тэніса (WTA).

28 сакавіка 2023 года МАК выпусціў заяву, у якой рэкамендаваў дазволіць беларусам і расіянам удзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах “у якасці індывідуальных нейтральных спартсменаў” (без выкарыстання сцяга, гімна і сімволікі сваіх дзяржаў) і толькі ў тым выпадку, калі яны “актыўна не займаліся падтрымкай баявых дзеянняў”, не маюць дзейных кантрактаў з сілавымі і вайсковымі ведамствамі сваіх краін.

Шэраг міжнародных федэрацый па відах спорту выканаў рэкамендацыі МАК і пагадзіўся дапусціць атлетаў з Беларусі і РФ да сваіх спаборніцтваў.

Разам з тым спартсмены, якія ў 2020 годзе падтрымалі пратэстны рух і былі пазбаўленыя магчымасці працягваць спаборнічаць у Беларусі, у большасці сваёй спынілі прафесійную дзейнасць. На Алімпіяду 2024 года маюць шанцы адправіцца тры атлеткі, якія перайшлі ў польскае спартыўнае грамадзянства, — лёгкаатлеткі Крысціна Ціманоўская і Марыя Жодзік, а таксама конніца Вольга Сафронава.

Гл. таксама:

Тэнісістка Сабаленка заявіла, што “непасрэдна зараз” не падтрымлівае Лукашэнку

Падзяліцца: