Мінск 04:55

На тактычным занятку ў Мінскай вобласці вайскоўцы адпрацавалі стральбу з танка прамой наводкай

Фота: Мінабароны

7 сакавіка, Позірк. На 227-м агульнавайсковым палігоне “Барысаўскі” (Мінская вобласць) закончыўся комплексны тактычны занятак механізаванага батальёна 120-й асобнай гвардзейскай механізаванай брыгады, паведамляе прэс-служба Міністэрства абароны.

“На завяршальным этапе вайскоўцы адбілі масіраваную атаку ўмоўнага праціўніка з ужываннем штатнага ўзбраення”, — адзначае ведамства.

Акрамя гэтага, вайскоўцы правялі “баявую стральбу ўзводаў”, а таксама паражалі мішэні з танка Т-72Б “штатным стрэлам прамой наводкай”.

“Адметнай асаблівасцю занятка стала тое, што стральба выконвалася бранябойным снарадам”, — падкрэсліла Мінабароны.

120-я асобная гвардзейская механізаваная брыгада сухапутных войскаў УС дыслакуецца ў мінскім мікрараёне Уручча.

Мінабароны рэгулярна праводзіць вучэнні і тактычныя заняткі вайсковых падраздзяленняў на фоне вайны, якую Расія вядзе супраць Украіны. Улады ў Мінску адмаўляюць удзел беларускага войска ў баявых дзеяннях на баку РФ, у той жа час тэрыторыя Беларусі з пачатку ўварвання, а таксама ў асобныя перыяды пазней актыўна выкарыстоўвалася расійскай арміяй для нанясення ўдараў па Украіне.

Падзяліцца: