Мінск 09:09

На фоне зачысткі незалежных медыя міністр інфармацыі заявіў пра рост аўдыторыі дзяржСМІ

Ілюстрацыйнае фота: прэс-служба Міністэрства інфармацыі

12 сакавіка, Позірк. “Сумарная аўдыторыя толькі ў “ЮТубе” рэспубліканскіх СМІ на сённяшні дзень складае больш за 5,2 мільёна чалавек, — заявіў міністр інфармацыі Уладзімір Пярцоў 12 сакавіка на выніковай калегіі яго ведамства.

На яго думку, гэта сведчыць пра эфектыўнасць дзейнасці Мінінфарма, скіраванай на “пашырэнне прадстаўленасці дзяржаўнай пазіцыі не толькі ў класічных СМІ, але і ў новых лічбавых асяроддзях”. Дзейнасць ведамства, сцвярджае ён, праводзіцца “з улікам трансфармацый медыяпаля, што цяпер адбываюцца, а таксама ў сувязі з тым, што інтэрнэт стаў ужо не проста крыніцай інфармацыі, але і найбольш камфортным асяродкам узаемадзеяння грамадзян”.

Пярцоў паведаміў, што ў 2023 годзе было зарэгістравана 17 сеткавых дзяржаўных выданняў. “Гэта яшчэ раз пацвярджае актыўную працу нашых СМІ па прасоўванні дзяржаўнага інфармацыйнага парадку дня на ўсіх камунікацыйных пляцоўках і, перш за ўсё, у лічбавым асяроддзі, куды пайшла большая частка спажыўцоў інфармацыі, дзе, па сутнасці, фармуецца грамадская думка”, — лічыць міністр.

Віцэ-прэм’ер Ігар Петрышэнка на калегіі сярод іншага заявіў пра неабходнасць захаваць і ўзмацніць “лідзіруючае становішча” дзяржСМІ ў медыйнай прасторы краіны і забяспечыць “процідзеянне дэструктыўным праявам у інфармацыйным полі”, паведамляе тэлеграм-канал беларускага ўрада.

31 студзеня на пасяджэнні калегіі галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы Магілёўскага аблвыканкама Пярцоў заявіў, што дзяржСМІ працуюць “ва ўмовах інфармацыйных войнаў”.

“Мы <…> бачым, якая перабудова зараз адбываецца ў інтэрнэт-прасторы, — сказаў ён. — Нашае інфаполе поўнае апанентаў, а таму дзейнасць рэдакцый у цэлым і кожнага журналіста ў прыватнасці павінна быць выверанай, дакладнай і аператыўнай”.

Падобныя заявы міністра гучаць на фоне пераследу прадстаўнікоў СМІ і блогераў. Большасць незалежных медыя пазбаўлена магчымасці працаваць у краіне, іх дзейнасць, а таксама любая супраца з імі дэ-факта крыміналізаваныя пад выглядам “барацьбы з экстрэмізмам”.

Паводле даных Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ), у няволі знаходзяцца 34 прадстаўнікі медыя.

Незалежныя медыя зазнаюць прагрэсуючы ціск і абмежаванні з боку дзяржавы, адзначаецца ў справаздачы “СМІ ў Беларусі ў 2023 годзе”, апублікаванай БАЖ 31 студзеня. “На працягу года “экстрэмісцкімі фарміраваннямі” былі прызнаныя 10 незалежных СМІ (удвая больш, чым летась), а таксама [сам] БАЖ. 33 асуджаныя работнікі СМІ былі ўключаны ў афіцыйны спіс “экстрэмістаў” і 12 — у спіс “тэрарыстаў”, — гаворыцца ў дакуменце.

У 2023 годзе ў Беларусі было арыштавана больш за 20 журналістаў — даклад Савета Еўропы

Апублікавана на адкрытай версіі "Позірку" 5 сакавіка 2024 года ў 12:42 5 сакавіка, Позірк. У 2023 годзе ў Беларусі было арыштавана больш за 20 журналістаў. Такія звесткі прыводзяцца ў штогадовым дакладзе арганізацый — партнёраў платформы Савета Еўропы (СЕ) па садзейнічанні …
Падзяліцца: