Мінск 23:54

Польская пракуратура высвятляе абставіны гібелі двух мігрантаў на мяжы з Беларуссю

23 кастрычніка, Позірк. Пракуратура польскага горада Гайнаўка ў Падляскім ваяводстве высвятляе абставіны гібелі двух чалавек ля мяжы з Беларуссю.

Паводле інфармацыі Polskie Radio Białystok, якое спасылаецца на кіраўніка Гайнаўскай раённай пракуратуры Яна Андрэйчука, гаворка ідзе пра мігрантаў, якія нелегальна трапілі ў Польшчу.

Паведамляецца, што 22 кастрычніка памежны патруль пераследваў групу замежнікаў, якая трапіла ў краіну праз пралом у плоце на тэрыторыі Белавежскай пушчы. Адзін з мігрантаў праваліўся ў багну. Яго ўдалося выцягнуць, але ён памёр да прыбыцця хуткай дапамогі. Андрэйчук заявіў, што малады чалавек, верагодна, выхадзец з нейкай афрыканскай краіны, быў “знясілены і лёгка апрануты”.

Акрамя таго, раніцай 23 кастрычніка ахова чыгункі знайшла труп маладога чалавека ля рэек у раёне населенага пункта Дабраводы (недалёка ад горада Кляшчэле побач з беларускай мяжой). Паводле слоў кіраўніка раённай пракуратуры, “усё паказвае на тое, што гэта нелегал з Блізкага Усходу”.

За мінулыя суткі польскія памежнікі не дазволілі трапіць 169 нелегальным мігрантам з тэрыторыі Беларусі, ад пачатку кастрычніка — 1.465, года — 22.858.

Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і краін ЕС пачаўся ўвесну 2021 года.

Падзяліцца: