Мінск 19:22

Усведамленне беларусамі і літоўцамі агульнай гісторыі — магутная зброя супраць “русского мира”, лічыць пісьменнік Арлоў

Уладзімір Арлоў
Фота: "Позірк"

22 сакавіка, Позірк. “Наша шматвяковая агульная гісторыя, літоўцаў і беларусаў, — еўрапейская гісторыя — гэта наш велізарны скарб”, — заявіў вядомы беларускі пісьменнік Уладзімір Арлоў 22 сакавіка ў Вільнюсе на творчай сустрэчы, прысвечанай 106-годдзю абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі.

“Усведамленне гэтай гісторыі — гэта магутная зброя ў літоўскім і беларускім супрацьстаянні агрэсіўнай ідэалогіі “русского мира” (“рускага свету”), — адзначыў ён. — Гэтая ідэалогія імкнецца пераканаць беларусаў, як і ўкраінцаў, што яны не з’яўляюцца асобнай нацыяй, што гэта частка “агульнарасійскай нацыі”. І вось наша спадчына, наша гісторыя еўрапейская магутна гэтаму супрацьстаіць”.

Арлоў заявіў, што “вельмі ўдзячны Літве за тое, што яна дала гасцінны прытулак тысячам і тысячам беларусаў, якія ў гэты драматычны для <…> найноўшай гісторыі час вымушаны былі пакінуць сваю айчыну”.

“Я даўно — са студэнцкіх гадоў — люблю Літву, — падкрэсліў пісьменнік. — Мяне перакладалі шмат на літоўскую мову. Я ганаруся тым, што супрацоўнічаў і працягваю супрацоўнічаць з літоўскімі паэтамі, гісторыкамі”.

“У маім уяўленні 25 сакавіка (дзень абвяшчэння незалежнасці БНР у 1918 годзе. — “Позірк”.) абавязкова некалі будзе галоўным дзяржаўным святам у свабоднай, незалежнай, еўрапейскай Беларусі, якая з Літвой сустрэнецца ў Еўрасаюзе”, — дадаў ён.

Зварот да Літвы і літоўцаў прагучаў з вуснаў Арлова на фоне сітуацыі, калі творчая сустрэча была пад пагрозай зрыву.

Мясцовы блогер Жыльвінас Світоюс у сацыяльных сетках назваў беларускага пісьменніка “галоўным ідэолагам літвінізму”, абурыўся паездкамі Арлова па гарадах Літвы і звярнуў увагу на будучую сустрэчу ў Вільнюсе. Пад паведамленнем з’явіліся пагрозлівыя каментарыі. Цэнтр беларускай культуры і супольнасці, дзе першапачаткова павінна была прайсці імпрэза, усё скасаваў, прызнаўшы, што не можа гарантаваць бяспеку пісьменніка. Ініцыятыву перахапіў фонд “Дапамога”, які зладзіў сустрэчу ў іншым месцы.

У вызначаны час на сустрэчу 22 сакавіка прыйшоў Світоюс і шэраг крытычна настроеных у дачыненні да Арлова літоўцаў. Кіраўніца “Дапамогі” Наталля Калегава заклікала ўсіх гасцей правесці вечар без правакацый.

Дацэнт Унівесітэта Вітаўта Вялікага (Каўнас), дырэктар Інстытута Вялікага Княства Літоўскага Рустыс Камунтавічус на адкрыцці прызнаўся, што яму “няўтульна, што такія рэчы робяцца ў Літве”, калі даводзіцца “пераносіць з аднаго месца ў іншае сустрэчу з такім легендарным аўтарам”.

“Тое, што раней было адной з інтэрпрэтацый, [калі] усім было вельмі цікава, як беларусы глядзяць [на гісторыю], зараз чамусь стала вялікай праблемай у Літве. Але, я думаю, што мы з гэтага выйдзем, бо я не адзін, хто так думае. Спадзяюся, што ў нас будзе больш такіх сустрэч, што паміж нашымі народамі ўсё будзе добра. Я гэтага чакаю. І мне як літоўцу вельмі важна, каб паміж намі ўсё было добра”, — сказаў ён.

ДДБ Літвы не знайшоў у краіне пагрозлівых арганізаваных груп "літвіністаў"

20 сакавіка, Позірк. У Літве "няма арганізаваных груп, якія прапагандуюць ідэалогію літвінізму", якія маглі б "уяўляць пагрозу незалежнасці, канстытуцыйнаму ладу і тэрытарыяльнай цэласнасці краіны", заяўляе Дэпартамент дзяржаўнай бяспекі (ДДБ) гэтай балтыйскай краіны. З адпаведнай заявай ДДБ выступіў у сувязі з “павелічэннем у …
Падзяліцца: