Мінск 09:52

Кавалеўскі: Прапаганда спрабуе падарваць давер да “пашпарту новай Беларусі”, але дыскрэдытуе гэтым сябе

Фота: прадстаўніцтва АПК па замежных справах

23 сакавіка, Позірк. Распаўсюд фэйкаў пра “пашпарт новай Беларусі” — гэта спроба рэжыму Аляксандра Лукашэнкі дыскрэдытаваць сам праект і падарваць да яго давер, заявіў у каментары “Позірку” прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінета па замежных справах Валер Кавалеўскі.

“Тое, што мы бачым па якасці прапагандысцкіх матэрыялаў, паказвае, што яны самі сябе дыскрэдытуюць, проста выяўляюць сваю абсалютна ганебную і хлуслівую сутнасць”, — сказаў экс-дыпламат.

“Рэжым нервуецца, яны баяцца, што пашпартны праект проста загубіць іх план рэпрэсій беларусаў за мяжой, паколькі меры па забароне выдачы пашпартоў за мяжой пераследвалі мэту аказання ціску, запалохвання, стварэння сур’ёзных нязручнасцяў для беларусаў за мяжой”, — адзначыў Кавалеўскі.

Паводле яго слоў, праект нацыянальнага пашпарта Беларусі — адказ на дадзеную сітуацыю, магчымасць вырашыць праблему, якая, здавалася б, неразвязальная.

Як лічыць прадстаўнік АПК, таксама ўлады непакояцца, што такім чынам страцяць частку сваёй суб’ектнасці: “Рэжым адмовіўся ад найважнейшай дзяржаўнай функцыі, а дэмакратычныя сілы Беларусі не адмовіліся дапамагаць людзям у такой сітуацыі і па такім сур’ёзным і складаным пытанні”.

Прадстаўнік АПК адзначыў, што ўлады, верагодна, чакалі ад дэмакратычных сіл бяздзейнасці ў дадзеным пытанні, але апошнія “не адмовіліся ад гэтай задачы, яе прынялі, яе вырашаюць”.

Гаворачы пра сувязь праекта “пашпарта новай Беларусі” і “народных амбасадаў”, Кавалеўскі адзначыў, што яны “ў пэўным сэнсе” будуць браць удзел у праекце.

“Сёння важна тое, што “народныя амбасады”, якія дзейнічаюць ужо чацвёрты год, паказалі сваю пераканаўчасць і эфектыўнасць. Людзі, якія задзейнічаны ў гэтым праекце, дэманструюць самаадданы падыход, удзельнічаюць у гэтым на пастаяннай аснове і робяць гэта на грамадскіх пачатках”, — падкрэсліў Кавалеўскі.

“Гэта рэальная сіла, якая вельмі раздражняе Лукашэнку і ягоны рэжым, асабліва на фоне таго, што цяпер адклікаюць амбасадараў у Швэцыі, Германіі. Мірончык і Сідарэнка (Дзмітрый Мірончык узначальваў беларускую дыпламатычную місію ў Швецыі, Дзяніс Сідарэнка — у Германіі. — “Позірк”.) праваліліся цалкам”, — лічыць прадстаўнік АПК.

Паводле слоў Кавалеўскага, тое, што робяць “народныя амбасады” ў той жа Германіі ці Швецыі, “на парадак круцей, лепей, якасней і бліжэй да нацыянальных інтарэсаў беларусаў, чым тое, што рабілі Сідарэнка і Мірончык”.

Некаторым беларусам пачалі прыходзіць электронныя лісты нібыта ад імя “валанцёрскай службы праекта новага нацыянальнага пашпарта Беларусі” з прапановай пакінуць персанальныя звесткі для “невялікага сумоўя”. Прадстаўніцтва па замежных справах АПК 20 сакавіка заявіла, што гэта “чарговы фэйк ад рэжыму, які ставіць мэтай сабраць персанальныя даныя беларусаў”.

У той жа дзень стала вядома, што Следчы камітэт завёў маштабную крымінальную справу супраць актывістаў беларускіх дыяспар. Як сцвярджаў у відэакаментары афіцыйны прадстаўнік СК Сяргей Кабаковіч, Святлана Ціханоўская і Павел Латушка “зняважылі само паняцце “дыпламатыя”, стварыўшы “народныя амбасады”. Сцвярджаецца, што гэта было зроблена для “ізаляцыі дыпламатычных прадстаўніцтваў сістэмы Міністэрства замежных спраў”.

У эфіры дзяржтэлеканала АНТ выйшла некалькі сюжэтаў, у якіх былі паказаны нібыта ўзоры дакумента. Прапагандысты пагражалі затрыманнем тым, хто, як сцвярджаецца, адправіў заяўку на яго атрыманне.

Паводле слоў Кавалеўскага, узоры яшчэ не вырабляліся.

28 лютага КДБ прызнаў ініцыятыву “народныя амбасады” “экстрэмісцкім фармаваннем”. Сцвярджалася, што “экстрэмісцкую дзейнасць” вядзе “група грамадзян з ліку стваральнікаў, адміністратараў і іншых удзельнікаў сеткавых рэсурсаў, якія выкарыстоўваюць у сваёй назве словазлучэнні “Беларусы зарубежья” / “Беларусы замежжа”.

Падзяліцца: