Мінск 01:45

Лукашэнка зноў хоча выкарыстоўваць пытанні міграцыі ў палітычных мэтах — Туск

Дональд Туск і Шарль Мішэль (Варшава, 11 красавіка).
Фота: www.flickr.com/photos/premierrp

12 красавіка, Позірк. “У нас з’яўляецца ўсё больш прыкметаў таго, што рэжым Лукашэнкі хоча зноў выкарыстоўваць пытанні міграцыі і ціску на нашу мяжу з Беларуссю ў палітычных мэтах”, — заявіў 11 красавіка прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск пасля сустрэчы з кіраўніком эстонскага ўрада Каяй Каллас у Варшаве.

Туск падкрэсліў, што будзе “тлумачыць і заклікаць усіх нашых еўрапейскіх партнёраў ставіцца да нелегальнай міграцыі як да рэальнага прыярытэту, каб увесь Еўрапейскі саюз — не толькі Польшча —- прызнаў неабходнасць абароны нашай тэрыторыі, абароны мяжы, кантролю мяжы”.

Сустрэча прэм’ераў Польшчы і Эстоніі адбылася ў рамках кансультацый па прыярытэтах ЕС, якія праходзілі ў Варшаве, паведамляе яго канцылярыя. Акрамя згаданых палітыкаў, у іх прынялі ўдзел прэзідэнт і генеральны сакратар Еўрапейскага савета Шарль Мішэль і Тэрэза Бланшэ, а таксама прэм’ер-міністры Грэцыі, Ірландыі, Іспаніі, Люксембурга і Фінляндыі.

У Польшчы сёння адчуваюць, “што насамрэч азначае спалучэнне агрэсіўнай, варожай палітыкі з боку Крамля і Беларусі”, заявіў Туск, звяртаючыся да ўдзельнікаў кансультацый.

“Гаворка ідзе аб спалучэнні іх дзяржаўнага патэнцыялу з хваляй нелегальнай міграцыі”, — удакладніў кіраўнік польскага ўрада.

Раніцай 10 красавіка памежнікі і вайскоўцы польскага войска на ўчастку мяжы з Беларуссю ў Падляскім ваяводстве прадухілілі пранікненне на тэрыторыю краіны групы з больш за 220 мігрантаў.

Міністр унутраных спраў Літвы Агне Білатайце заявіла 11 красавіка, што “агрэсіўнымі метадамі пракрасціся на тэрыторыю Польшчы” з боку Беларусі спрабавала група з 450 мігрантаў, назваўшы тое, што здарылася “атакай, арганізаванай беларускім рэжымам”. Паводле яе слоў, літоўскія праваахоўнікі кантралююць сітуацыю: “Дзейнічае вышэйшы ўзровень пільнасці”.

З пачатку года суседнія з Беларуссю краіны ЕС зафіксавалі не менш як 7.112 спроб незаконнага перасячэння мяжы, у тым ліку ў красавіку — сама меней 2.331, каля 6.000 з іх прыпадае на Польшчу (5.941 па стане на 10 красавіка).

У 2023 годзе было спынена 42.078 спробаў незаконнага перасячэння мяжы з боку Беларусі (Польшча — 25.571, Латвія — 13.863, Літва — 2.644), у 2022-м — 31.892 (Польшча — 15.655, Латвія — 5.026, Літва — 11.211). Агульны рост склаў 31,9% (на польскім напрамку — у 1,6 раза, латвійскім — у 2,8 раза; на літоўскім зафіксавана зніжэнне ў 4,2 раза).

Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і краін ЕС прадаўжаецца з вясны 2021 года.

11 красавіка ў Маскве Аляксандр Лукашэнка заявіў Уладзіміру Пуціну, што сітуацыя на заходніх межах “цяжкая” і найбольш яго “хвалюе палітыка польскага кіраўніцтва”: “Навошта ім гэтая канфрантацыя? І літоўцы, латышы… Па-першае, дзясяткамі выкідваюць трупы праз мяжу. Ідзе нейкая колькасць туды мігрантаў — яны іх выкідаюць. Агароджу пабудавалі — за плот выкідаюць да нас на мяжу. Цяпер снег растаў — агаліліся трупы, валяюцца проста на мяжы”.

Пра тое, што мігранты пранікаюць ці спрабуюць пранікаць у краіны ЕC з тэрыторыі Беларусі, не сустракаючы супрацівы з боку беларускіх памежнікаў, а то і кіраваныя імі, Лукашэнка замоўчаў.

Падзяліцца: