Мінск 12:12

Латушка абмеркаваў з былым дзіцячым амбудсменам Украіны ўзаемадзеянне пры фіксацыі злачынстваў рэжыму Лукашэнкі

Мікалай Кулеба
Скрыншот: kanaldim.tv

14 красавіка, Позірк. Садзейнічанне ў вяртанні на радзіму незаконна вывезеных украінскіх дзяцей, збор і перадачу інфармацыі аб месцах іх знаходжання ў Беларусі абмяркоўваліся на сустрэчы намесніка кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК), кіраўніка Народнага антыкрызіснага ўпраўлення (НАУ) Паўла Латушкі і заснавальніка і кіраўніка дабрачыннай арганізацыі Save Ukraine (“Выратуем Украіну”) Мікалая Кулебы.

Сустрэча прайшла 14 красавіка ў Варшаве, паведамілі Позірку ў прэс-службе НАУ.

Таксама абмяркоўваліся “прыцягненне Лукашэнкі і яго саўдзельнікаў” да адказнасці, “узаемадзеянне ў дакументаванні доказаў” злачынстваў беларускага рэжыму, звязаных з “незаконным перамяшчэннем украінскіх дзяцей”.

Арганізацыя Save Ukraine аказвае дапамогу сем’ям і дзецям, якія пацярпелі ад вайны.

Кулеба ў 2014–2021 гадах з’яўляўся ўпаўнаважаным прэзідэнта Украіны па правах дзяцей.

Паводле розных ацэнак, з пачатку вайны ў Беларусь было вывезена не менш за 2,5 тыс. дзяцей з акупаваных РФ тэрыторый Украіны. Датычнымі да гэтай дзейнасці называюцца беларускі паралімпіец і праўладны грамадскі дзеяч Аляксей Талай, ААТ “Беларуськалій”, Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі, Беларускі Чырвоны Крыж (БЧК) і інш. Ёсць пэўныя сведчанні, што ў Беларусі займаюцца “перавыхаваннем” прывезеных дзяцей у духу любові да РФ.

17 сакавіка 2023 года Міжнародны крымінальны суд у Гаазе выдаў ордэр на арышт прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна і дзіцячага амбудсмена Марыі Львовай-Бяловай за вываз украінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторый. Беларускія дэмсілы дамагаюцца таго ж у дачыненні да Лукашэнкі.

1 снежня Міжнародная федэрацыя таварыстваў Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца прыпыніла сяброўства БЧК, паколькі арганізацыя не вызваліла ад пасады генеральнага сакратара Дзмітрыя Шаўцова, які абвінавачваецца ў дачыненні да вывазу дзяцей з акупаваных тэрыторый Украіны.

Шаўцоў, Талай і яго фонд былі ўключаныя ў 13-ы пакет санкцый ЕС супраць РФ, прыняты 23 лютага 2024 года. Талай таксама быў уключаны ў санкцыйны спіс ЗША, прыняты напярэдадні другой гадавіны пачатку вайны ва Украіне.

Падзяліцца: