Мінск 09:09

Галоўчанка незадаволены, што Расія купляе кітайскую тэхніку замест беларускай

Фота: прэс-служба ўрада РФ

15 красавіка, Позірк. Расія і Беларусь здольныя цалкам забяспечыць патрэбы ўнутранага рынку ў сельскагаспадарчай тэхніцы і грузавіках, заявіў 15 красавіка на перамовах у Маскве са старшынёй урада РФ Міхаілам Мішусціным прэм’ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка.

“Аднак па выніках мінулага года доля кітайскай тэхнікі — я кітайскай бяру як прыклад, там ёсць і іншая — на расійскім рынку грузавых аўтамабіляў у параўнанні з 2022 годам узрасла з 29,5% да 58,8%, у сегменце колавых сельскагаспадарчых трактароў магутнасцю 150-250 конскіх сіл, гэта значыць наша класіка, — з 46% да 58%, а на рынку дарожна-будаўнічай тэхнікі гэты паказчык наогул перавысіў 70%”, — прыводзіць словы Галоўчанка расійскае інфармагенцтва ТАСС.

Паводле слоў чыноўніка, Мінск і Масква гэтую сітуацыю “бачаць, аналізуюць, выпрацоўваюцца меры ў адказ”. “У прыватнасці, па ўкараненні ўтылізацыйнага збору. Але разумеем, што на гэтым трэку таксама трэба дзейнічаць досыць асцярожна”, — сказаў беларускі прэм’ер-міністр.

3 красавіка стала вядома, што ў сталіцы Калмыкіі Элісце ў траўні пачнецца “маштабнае будаўніцтва” дылерскага цэнтра Мінскага трактарнага завода.

1 красавіка намеснік прэм’ер-міністра Пётр Пархомчык на сустрэчы з кіраўніком Арлоўскай вобласці РФ Андрэем Клычковым анансаваў стварэнне ў гэтым рэгіёне мультыбрэндавага цэнтра беларускай тэхнікі.

29 сакавіка амбасадар Беларусі ў РФ Дзмітрый Круты прыгразіў айчынным экспарцёрам пакараннем за невыкананне заданняў па экспарце на расійскі рынак.

Як паведамляла дыппрадстаўніцтва, на анлайн-пасяджэнні міжведамаснай рабочай групы па маніторынгу паставак у гэтую краіну абмяркоўвалася зніжэнне тэмпаў росту экспарту ў РФ шэрагу беларускіх прадпрыемстваў у студзені — лютым.

Адзначалася, што падчас пасяджэння “кожны экспарцёр падрабязна і з лічбамі на руках даў справаздачу па працы на прыярытэтным для Беларусі рынку”.

“Я буду ўносіць прапановы па пакаранні членаў нашай рабочай групы, а вы ў сваю чаргу будзеце ўносіць мне прапановы па пакаранні ў першую чаргу супрацоўнікаў маркетынгавых службаў канкрэтных прадпрыемстваў”, — адзначыў Круты.

21 лістапада 2023 года Раман Галоўчанка ўзяў удзел у цырымоніі закладкі капсулы на месцы будаўніцтва ў Краснадары (Расія) мультыбрэндавага гандлёва-сэрвіснага цэнтра Belarus.

15 чэрвеня 2023 года першы віцэ-прэм’ер Беларусі Мікалай Снапкоў заявіў, што рынак аўтатэхнікі Саюзнай дзяржавы “мае патрэбу ў аператыўным прыняцці спецыяльных ахоўных мер з-за актыўнай экспансіі кітайскіх вытворцаў”.

Гл. таксама:

Кіраўнік Мінпрама прызнаў зніжэнне паставак у РФ трактароў і халадзільнікаў праз канкурэнцыю кітайцаў

Падзяліцца: