Мінск 21:37

Ідэолагі патрэбныя для перадачы людзям “праўдзівай інфармацыі” пра сітуацыю “ў свеце і краіне”, сцвярджае Качанава

26 кастрычніка, Позірк. Ідэолагі ў Беларусі патрэбныя для перадачы людзям “праўдзівай інфармацыі”, заявіла старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Наталля Качанава 26 кастрычніка на палях пасяджэння Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта.

“Такія людзі сапраўды павінны быць, якія займаюцца толькі ідэалагічнай працай, — адзначыла яна (на падставе відэакаментарыя, апублікаванага прэс-службай Мінгарвыканкама). — І вось у гэтым сучасным свеце, калі мяняюцца традыцыйныя каштоўнасці, калі адбываецца перафарматаванне наогул светаўладкавання, вядома, праца ідэолагаў выходзіць на першы план. Тады, калі трэба ўмець данесці людзям праўдзівую інфармацыю пра тое, што адбываецца не толькі на тваім прадпрыемстве, у тваёй арганізацыі, а ў цэлым у свеце, у краіне”.

На пасяджанні выканкама Качанава заявіла, што “кожны кіраўнік прадпрыемства — найперш ідэолаг”. “Напрыклад, ёсць сайты, чаты, на якія нельга падпісвацца. Можа людзі пра гэта і не ведаюць? І першае пытанне не да гэтага чалавека, які не ведае, а да кіраўніка прадпрыемства, арганізацыі, у якога ён працуе. Значыць, там не сказалі, не данеслі. А калі сказалі, значыць, зразумела: чалавек супраць таго, каб у краіне быў парадак і мір”, — лічыць старшыня СР НС.

За амаль тры дзесяцігоддзі знаходжання Аляксандра Лукашэнкі ва ўладзе яго прыхільнікі так і не выкрышталізавалі ідэалогію беларускай дзяржавы, часцей за ўсё падмяняючы яе агульнымі паняццямі “сямейных” або “традыцыйных каштоўнасцей”, “сацыяльна арыентаванай дзяржавы”. Ідэолагі ў структуры ўлады займаюць становішча праваднікоў ідэі тоеснасці рэжыму Лукашэнкі і дзяржавы як такой, а таксама таго, што нелаяльнасць фактычным уладам роўная здрадзе краіне.

Падзяліцца: