Мінск 17:12

КПЧ ААН прызнаў парушэнне правоў беларусаў Беражнога і Гершанкова праз 6 гадоў пасля пакарання іх смерцю

Крыніца: ohchr.org

17 красавіка, Позірк. Беларускія ўлады парушылі нормы Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах у справе Сямёна Беражнога і Ігара Гершанкова, якія ў 2017 годзе былі прыгавораныя да смяротнага пакарання і расстраляныя ў 2018-м. Да такой высновы прыйшоў Камітэт па правах чалавека (КПЧ) ААН, вынікае з паведамлення праваабарончага цэнтру “Вясна”.

КПЧ адзначыў, што пакт дапускае асуджэнне на смерць “за найбольш цяжкія злачынствы”, але парушэнне гарантый справядлівага суда “ў разбіральніцтвах, што прыводзяць да вынясення смяротнага прыгавору”, робіць вырак “адвольным паводле свайго характару” і парушае арт. 6 гэтага дакумента (“Права на жыццё ёсць неад’емным правам кожнага чалавека. Гэта права ахоўваецца законам. Ніхто не можа быць адвольна пазбаўлены жыцця”).

Камітэт таксама прыйшоў да высновы, што падчас суда над Беражным і Гершанковым была парушана прэзумпцыя невінаватасці і арт. 9(3) пакта. Гэты артыкул абвяшчае, што “кожная арыштаваная або затрыманая паводле крымінальнага абвінавачання асоба ў тэрміновым парадку дастаўляецца да суддзі або да іншай службовай асобы, якой належыць на падставе закона права ажыццяўляць судовую ўладу, і мае права на судовы разгляд на працягу разумнага тэрміну або на вызваленне”.

21 ліпеня 2017 года Магілёўскі абласны суд прыгаварыў Беражнога і Гершанкова да смерці, прызнаўшы вінаватымі ў забойстве, замаху на забойства, рабаванні і махлярстве ў складзе арганізаванай групы. Яны падалі апеляцыйныя скаргі ў Вярхоўны суд (ВС), хадайнічалі аб правядзенні наглядных праверак у Генпракуратуру і ВС, але беспаспяхова. Таксама былі адхіленыя іх прашэнні аб памілаванні на імя Аляксандра Лукашэнкі.

29 чэрвеня і 13 ліпеня 2018 года КПЧ ААН заклікаў беларускія ўлады не караць смерцю Беражнога і Гершанкова сама меней да той пары, пакуль камітэт не разгледзіць атрыманыя ад іх імя індывідуальныя звароты. Тым не менш 29 лістапада таго ж года камітэту было паведамлена, што прыгавор у дачыненні да абодвух мужчын ужо прыведзены ў выкананне. У гэтым КПЧ убачыў “адсутнасць супрацы” з боку ўладаў.

Камітэт тады заявіў, што Беларусь павінна выплаціць маці пакараных адэкватную грашовую кампенсацыю за гібель іх сыноў, а таксама пакрыць панесеныя судовыя выдаткі.

29 кастрычніка 2022 года Беларусь дэнансавала Факультатыўны пратакол да Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. На разглядзе адпаведнага законапраекта ў Савеце Рэспублікі намеснік міністра замежных спраў Юрый Амбразевіч, які яго прадстаўляў, заявіў, што ўзаемадзеянне Мінска і КПЧ ААН у рамках Факультатыўнага пратакола “характарызавалася нарастаючым разыходжаннем у тлумачэнні яго функцыі і мандата па разглядзе індывідуальных паведамленняў”.

Чыноўнік сцвярджаў, што “з моманту далучэння Беларусі да Факультатыўнага пратакола КПЧ значна адышоў у практыцы сваёй працы ад строгага датрымання палажэнняў тэкстаў пакта і пратакола, і неаднаразова без запытвання меркаванняў дзяржаў-членаў тлумачыў іх палажэнні, пашыраючы свае паўнамоцтвы”.

На яго думку, падобныя дзеянні камітэта “з’яўляюцца ўмяшаннем у кампетэнцыю” нацыянальных праваахоўных сістэм і закліканыя ўчыніць палітычны ціск на нацыянальныя судовыя сістэмы ў рамках “дактрынальных падыходаў, вызначаных дамінаваннем Захаду ў структурах ААН”.

Падзяліцца: