Мінск 20:25

Лукашэнка ўпэўнены ў вялікіх запасах нафты ў Беларусі, новаму кіраўніку Мінпрыроды загадана “капаць і шукаць”

Ілюстрацыйнае фота: "Веснік Белнафтахіма"

22 красавіка, Позірк. “Я не веру, што мы не маем вялікіх аб’ёмаў нафты”, — заявіў Аляксандр Лукашэнка 22 красавіка, прызначаючы Сяргея Масляка міністрам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.

“Скажу проста: трэба капаць і шукаць, — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба. — Акрамя гэтага, трэба, каб ты прымусіў усіх у гэтым кірунку працаваць. Я не веру, што ў нашых нетрах няма таго, што нам патрэбна. Вось калі хоць у нейкай ступені вырашыш гэтую задачу, гэта помнік можна ставіць у любым месцы”.

Паводле яго слоў, у Беларусі сёння няма канкурэнцыі ў галіне разведкі і здабычы нафты, паколькі “працуе толькі адна кампанія”. “Не мы прыдумалі, [што] канкурэнцыя павінна быць. Трэба больш меркаванняў, больш уражанняў і іншае”, — лічыць Лукашэнка.

Заявіўшы пра ўнікальнае размяшчэнне Беларусі (“няма [больш у свеце] такога месца для жыцця людзей”), ён сказаў пра неабходнасць зберагчы яе прыроду.

“Я чалавек вельмі патрабавальны, які вырас у вёсцы. Можна сказаць, амаль у лесе, — сказаў Лукашэнка. — І я абвык клапатліва ставіцца не толькі да жывёл, але і да раслін. Іх павінна быць больш, шмат павінна быць”.

“Вазьмі пад свой кантроль высаджванне дрэў, — звярнуўся ён да Масляка. — Як я кажу, на адхонах дарог, на няўдобіцах і гэтак далей. Усюды можа вырасці дрэва. А праз 80 гадоў гэта будзе добры лесаматэрыял, які змогуць скарыстаць ужо нашы дзеці. Пасля балот лес з’яўляецца галоўным генератарам кіслароду на нашай планеце (паводле даных навукоўцаў, 50–80% кіслароду выпрацоўвае фітапланктон у акіянах. — “Позірк”.). Таму ўсюды павінны быць высаджаныя дрэвы, дзе толькі могуць расці. Вельмі шмат працы ў гэтым плане, і яна ў нейкай ступені запушчана”.

На нарадзе пра стан і развіццё мінеральна-сыравіннай базы 12 сакавіка Лукашэнка заявіў, што ў Беларусі дрэнна шукаюць карысныя выкапні.

“Усе карысныя выкапні — наш нацыянальны здабытак, — сказаў ён. — Стратэгічны запас, які належыць народу. І толькі народу. Гэта і калій, і нафта, і самы вялікі рэсурс — прэсная вада (бясцэнны рэсурс), і многае іншае. Але з тым, што мы маем, трэба правільна і па-гаспадарску распараджацца. А тое, што не маем, трэба шукаць. Шукаем кепска”.

Паводле яго слоў, у краіне “нядрэнна вывучаныя прыродныя багацці, якія знаходзяцца на паверхні”. “А вось пра тое, што пад зямлёй, ведаем далёка не ўсе. Таму трэба нарошчваць геолагаразведачныя работы”, — заклікаў Лукашэнка.

Пасля анлайн-сустрэчы з кіраўніцтвам Кітайскай геалагічнай службы 22 сакавіка Андрэй Худык, які на той момант узначальваў Мінпрыроды, анансаваў прыезд “найбліжэйшым часам” у Беларусь “галоўнага геолага” КНР. На сустрэчы абмяркоўваўся кітайскі досвед і тэхналогіі пошуку, разведкі і здабычы вуглевадародаў, “праблемы і перспектывы развіцця беларускай нафтагазавай галіны”, інвестыцыйны клімат Беларусі, “заканадаўчае рэгуляванне нетракарыстання”.

Размова таксама ішла пра перспектывы стварэння сумеснага з Кітаем геалагічнага цэнтра.

Падзяліцца: