Мінск 12:18

З Віцебска на мяжу з Польшчай перакінутая “пара батальёнаў” — стаяць “лоб у лоб з НАТО”, сцвярджае Лукашэнка

Фото: пресс-служба Александра Лукашенко

25 красавіка, Позірк. Ля межаў Беларусі з заходнімі краінамі “ўдарнымі тэмпамі ўдасканальваюцца аэрадромы, ваенна-марскія базы, палігоны, ствараюцца перадавыя базы для размяшчэння тэхнікі, узбраення і матэрыяльных сродкаў”, заявіў 25 красавіка на пасяджэнні Усебеларускага народнага сходу (УНС) Аляксандр Лукашэнка.

Яго прамову цытуе прэс-служба.

Гаворачы аб Ваеннай дактрыне, прынятай УНС, ён паўтарыў ранейшыя тэзісы аб варожых намерах суседніх краін ЕС і Украіны ў адносінах да Беларусі.

Узяўшыся разважаць пра Польшчу, Лукашэнка сярод іншага заявіў, што ўзброеныя сілы гэтай краіны “пад выглядам узмацнення аховы мяжы вырашаюць разведвальна-дыверсійныя задачы”.

У структуры сухапутных войскаў Польшчы фарміруецца армейскі корпус, аператыўная гатоўнасць якога будзе дасягнутая ўжо да верасня гэтага года, сцвярджае Лукашэнка.

“Для неваенных людзей растлумачу, што значыць аператыўная гатоўнасць, — сказаў ён. — Гэта значыць — хоць заўтра ў бой, як на фронце. Поўная баявая гатоўнасць, цалкам разгорнутыя”.

“Прыкладна, як мы з Віцебска перакінулі пару батальёнаў і стаім цяпер лоб у лоб з НАТО. Батальёны поўнай аператыўнай гатоўнасці. З гатоўнасцю выхаду з месцаў дыслакацыі на працягу трох гадзін”, — дадаў Лукашэнка.

Паводле яго слоў, праводзячы перааснашчэнне войска, Польшча “робіць акцэнт на закупцы сучасных баявых самалётаў, беспілотных лятальных апаратаў, бронетэхнікі, рэактыўных сістэм залпавага агню і зенітных ракетных комплексаў як замежнай, так і нацыянальнай вытворчасці”.

“Агульны аб’ём фінансавання праграм тэхнічнай мадэрнізацыі польскага войска да 2035 года прадугледжаны ў памеры 133 млрд долараў. Ці ведаюць палякі, што з кожнага члена сям’і, уключаючы немаўлятаў, аднімуць да 4 тыс. долараў?” — падкрэсліў Лукашэнка.

Краіны Балтыі, паводле яго сцвярджэння, для ўмацавання ваеннага патэнцыялу “асноўныя намаганні накіроўваюць на ўдасканаленне ваеннай інфраструктуры, павелічэнне ваенных выдаткаў, нарошчванне баявога і колькаснага складу нацыянальных узброеных сіл”.

Для Лукашэнкі “відавочна”, што тэрыторыя Польшчы і краін Балтыі “мэтанакіравана ператвараецца ў вайсковы плацдарм для яго магчымага задзейнічання блокам НАТО”.

“Гэта значыць, зроблена практычна ўсё, каб падрыхтаваць кіраўніцтва альянсу да рашэння ўжыць вайсковую сілу, у тым ліку крайнюю вайсковую сілу”, — сказаў Лукашэнка.

Суседнія краіны ЕС не хаваюць намераў і дзеянняў па ўмацаванні абараназдольнасці. Аб павелічэнні вайсковых бюджэтаў і вучэнняў, якія праводзяцца на сваёй тэрыторыі, яны паведамляюць публічна, тлумачачы гэта ўзрослымі пагрозамі з боку Расіі ў кантэксце развязанай Масквой вайны ва Украіне.

Мінск падтрымлівае Крэмль у агрэсіі супраць Украіны. З беларускай тэрыторыі расійская армія ажыццявіла наўпроставы напад на суседнюю краіну, затым цягам некалькіх месяцаў праводзіліся ракетныя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў. Таксама расійскія вайскоўцы карысталіся беларускай вайсковай інфраструктурай.

Падзяліцца: