Мінск 04:46

Беларуская служба DW і медыярэсурс UDF прызнаныя “экстрэмісцкімі фарміраваннямі” (дапоўнена)

Крыніца: сацсеткі DW, UDF (калаж — "Позірк")

29 красавіка, Позірк. Міністэрства ўнутраных спраў 29 красавіка прызнала “экстрэмісцкім фарміраваннем” групу грамадзян “з ліку стваральнікаў, адміністратараў і іншых удзельнікаў інтэрнэт-рэсурсаў пад агульнай назвай “DW Беларусь”. Адпаведная інфармацыя ўнесена ў абноўлены пералік на сайце МУС.

Да “фарміравання”, на думку ведамства, маюць дачыненне сайт Deutsche Welle (“Нямецкая хваля”) “з падраздзелам “Беларусь”, ютуб-канал, а таксама канал, чат і бот у “Тэлеграме”, старонкі ў “Інстаграме”, “Фэйсбуку”, Х.

9 сакавіка 2022 года суд Цэнтральнага раёна Мінска прызнаў “экстрэмісцкім” кантэнт інтэрнэт-рэсурсаў DW, лагатып. “Мы працягнем працаваць для вас у ранейшым рэжыме: паведамляць навіны, распавядаць гісторыі, здымаць відэа і дзяліцца аналітыкай”, – гаварылася тады ў паведамленні DW.

Сайт гэтага СМІ заблакаваны ў Беларусі з кастрычніка 2021 года.

Аналагічнае рашэнне МУС прыняло адносна групы грамадзян “з ліку стваральнікаў, адміністратараў і іншых удзельнікаў інтэрнэт-рэсурсаў пад агульнай назвай “UDF — Навіны Беларусі”.

У структуру “фарміравання”, паводле пераліку, уваходзяць сайты udf.name і amp.udf.by, дзве старонкі ў “Аднакласніках”, а таксама старонкі ў Х, “Фэйсбуку”, “УКантакце”, сэрвісе “Дзэн”.

3 траўня 2023 года паведамлялася, што кантэнт старонкі “UDF — Навіны Беларусі” ў “Аднакласніках” прызнаны “экстрэмісцкімі матэрыяламі”.

У спісе “экстрэмісцкіх фарміраванняў” цяпер 199 пазіцый.

Падзяліцца: