Мінск 04:46

Справу “аналітыкаў Ціханоўскай” разгледзіць Мінскі абласны суд

Архіўнае фота: сэрвіс "Яндэкс.Мапы"

30 красавіка, Позірк. Справу “аналітыкаў Ціханоўскай” на падставе рашэння намесніка старшыні Вярхоўнага суда будзе разглядаць Мінскі абласны суд, паведаміла 30 красавіка прэс-служба Генеральнай пракуратуры.

Па згаданай справе праходзяць дырэктар “Беларускай ініцыятывы” Chatham House Рыгор Астапеня, сацыёлаг Філіп Біканаў, старшы палітычны дарадца Ціханоўскай Аляксандр Дабравольскі, яе прэс-сакратар Ганна Красуліна, спецпрадстаўнік па пытаннях выбараў Аляксандр Шлык і дарадца па пытаннях дыпламатыі Дзяніс Кучынскі, аглядальнік “Радыё Свабода” Юрый Дракахруст, дырэктар інстытута “Палітычная сфера” Андрэй Казакевіч, даследчыца Вераніка Лапуцька, праграмны дырэктар “Вольнага беларускага ўніверсітэта” Аляксандр Лагвінец, журналістка Ганна Любакова, палітолаг Марыя Рогава, палітолаг, філосаф, былы акадэмічны дырэктар інстытута стратэгічных даследаванняў BISS Пётр Рудкоўскі.

Таксама ў спісе палітолаг Алеся Руднік, эксперт праекта SYMPA/BIPART Наталля Рабава, палітык Павел Усаў, навуковы супрацоўнік Гарадскога ўніверсітэта Манчэстэра і Вільнюскага ўніверсітэта палітолаг Таццяна Чуліцкая, палітолаг Кацярына Шмаціна, Яўген Крыжаноўскі (цёзка і аднафамілец вядомага беларускага шоўмэна) і Васіль Навумаў.

Усім абвінавачаным інкрымінавана ўчыненне злачынстваў паводле:

  • ч. 6 арт. 16 і ч. 3 арт. 130 Крымінальнага кодэкса (дапамога ў наўмысных дзеяннях, скіраваных на ўзбуджэнне іншай сацыяльнай варожасці і варажнечы паводле прыкметы іншай сацыяльнай прыналежнасці, здзейсненых групай асоб);
  • ч. 1 арт. 357 (змова, здзейсненая з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам);
  • ч. 6 арт. 16 і ч. 3 арт. 361 (дапамога ў публічных закліках да захопу дзяржаўнай улады, здзяйснення іншых дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь, закліках, звернутых да замежнай дзяржавы, замежнай і міжнароднай арганізацыі, здзейсніць дзеянні, накіраваныя на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь, здзейсненых з выкарыстаннем сродкаў масавай інфармацыі і глабальнай камп’ютарнай сеткі інтэрнэт);
  • ч. 1 арт. 3611 (кіраўніцтва экстрэмісцкім фарміраваннем і структурным падраздзяленнем, якое ўваходзіць у яго);
  • ч. 3 арт. 3611 (уваходжанне асобы ў склад экстрэмісцкага фарміравання ў мэтах здзяйснення злачынства экстрэмісцкай накіраванасці (удзел у экстрэмісцкім фарміраванні).

Пракуратура адзначае, што Дабравольскаму таксама інкрымінавана “кіраўніцтва экстрэмісцкім фарміраваннем і структурным падраздзяленнем, якое ўваходзіць у яго” (ч. 1 арт. 3611).

Пра заканчэнне папярэдняга расследавання крымінальнай справы “ў дачыненні да 20 удзельнікаў экстрэмісцкага фарміравання “Аналітыкі Святланы Ціханоўскай” паведаміў 27 сакавіка аддзел інфармацыі і сувязі з грамадскасцю Следчага камітэта.

СК сцвярджае, што “такая структура, як і, зрэшты, усе астатнія злачынныя групоўкі збеглых радыкалаў, стваралася выключна з адной мэтай — захоп дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам”.

“З мэтай забеспячэння кампенсацыі прычыненай шкоды на маёмасць абвінавачаных, у тым ліку дарагія кватэры, дамы і зямельныя ўчасткі, накладзены арышт. Цяпер папярэдняе расследаванне скончана ў парадку спецыяльнай вытворчасці. Крымінальная справа перададзена Генеральнаму пракурору для накіравання ў суд”, — гаворыцца ў рэлізе.

Спецвытворчасць распачалася 25 студзеня.

Цынічнымі назваў выстаўленыя абвінавачанні фігурант “справы аналітыкаў” Дзяніс Кучынскі ў каментарыі “Позірку” 25 студзеня. “Пераслед экспертаў за прафесійную дзейнасць абсалютна недапушчальны”, — заявіў ён.

Спецыяльная вытворчасць — вытворчасць па крымінальнай справе ў дачыненні да абвінавачанага, які знаходзіцца па-за межамі Беларусі і ўхіляецца ад яўкі ў орган, які вядзе крымінальны працэс. Магчымая па 34 складах злачынстваў, якія пераважна адносяцца да катэгорыі цяжкіх і асабліва цяжкіх. Сярод іншага гэта акт тэрарызму, генацыд, наёмніцтва, здрада дзяржаве, дыверсія, стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім, масавыя беспарадкі, заклікі да санкцый ды інш.

Падзяліцца: