Мінск 21:01

Расійскія фуры, якія ідуць з Калінінграда праз Літву, масава затрымліваюць у Беларусі — СМІ

Ілюстрацыйнае фота: Дзяржаўны мытны камітэт

11 жніўня, Позірк. Перавозчыкі з Калінінграда (РФ) сутыкнуліся з масавай затрымкай грузавікоў у Беларусі, паведамляе расійскі рэгіянальны партал “Клопс”.

Расійскія машыны пры праходжанні літоўска-беларускай мяжы “здымаюць з лініі і пакідаюць на экспертызу“, якая “расцягваецца на некалькі месяцаў“, адзначае СМІ. З публікацыі вынікае, што гэта адбываецца на беларускай тэрыторыі.

Удакладняецца, што пасля падачы дакументаў на мяжы кіроўцам паведамляюць, што фуру “ставяць на прыкол” на нявызначаны час. Паводле слоў прадстаўніка адной з кампаній Івана Зайцава, гаворка ідзе аб “праверцы дакладнасці дакументаў“. Пры гэтым паперы на адзін з затрыманых грузавікоў былі выдадзеныя Калінінградскай Дзяржаўтаінспекцыяй у лютым 2026 года.

Праблема, як паведамляецца, тычыцца не аднаго пункта пропуску на літоўска-беларускай мяжы, гаворка можа ісці прыкладна аб 300 машынах з Калінінграда. “Толькі на адным з памежных пераходаў ужо сабралася з дзясятак такіх грузавікоў”, — гаворыцца ў публікацыі.

Тэрміны праверкі, як сцвярджае Зайцаў, могуць “моцна затрымлівацца”. Яго цягач, як заяўляецца, стаіць “каля тыдня“, іншыя перавозчыкі “распавядалі пра тры-чатыры месяцы чакання і нават даўжэй”.

“Праблема асабліва балючая для тых, хто працуе грузамі, якія хуька псуюцца. Кампанія Зайцава займаецца перавозкай падвеснага мяса, тэрміны дастаўкі якога жорстка абмежаваныя”, — паведамляе калінінградскі партал.

“Нам даюць усяго чатыры дні на дастаўку з выездам адсюль”, — сказаў Зайцаў.

Паводле яго слоў, даводзіцца “шукаць іншы цягач“, каб “забраць прычэп і не сарваць пастаўку”.

Ён таксама паскардзіўся на ўмовы, у якіх аказваюцца дальнабойнікі: “Цягачы ставяць у адстойнік, дзе няма ні кавярні, ні крамы“.

Падкрэсліваецца, што занятыя ў грузаперавозках па гэтым маршруце кампаніі нясуць значныя страты.

Падзяліцца: