Мінск 04:28

Дэмсілы правядуць у Празе кангрэс, прысвечаны палітвязням

Прага
Крыніца: pixabay.com

Апублікавана ў адкрытай версіі “Позірку” 2 траўня ў 14:40

2 траўня, Позірк. Офіс дэмакратычных сіл у Празе сумесна са структурамі грамадзянскай супольнасці, праваабаронцамі, актывістамі правядзе 23–25 траўня ў Празе кангрэс, прысвечаны палітычным зняволеным.

Як паведаміў Позірку галоўны дарадца дэмакратычнага лідара Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка, кангрэс стане “першай канферэнцыяй такога маштабу”, яго вырашана прымеркаваць да Міжнароднага Дня салідарнасці з палітвязнямі, які адзначаецца 21 траўня.

Паводле слоў Вячоркі, удзельнікі “экспертна-палітычнага кангрэсу” абмяркуюць сітуацыю вакол беларускіх палітвязняў, шляхі іх вызвалення і падтрымку рэпрэсаваных.

“Плануецца абмеркаваць як сітуацыю з палітвязнямі ўнутры Беларусі, так і праблемы тых, хто пасля палітычна матываванага зняволення пакінуў краіну”, — сказаў дарадца.

23 сакавіка гэтага года ў Празе прайшла III Канферэнцыя беларусаў свету, у якой удзельнічала больш за 100 чалавек з 20 краін.

25 сакавіка ў сталіцы Чэхіі адкрыўся офіс дэмакратычных сіл Беларусі.

На 2 траўня ў Беларусі 1.387 чалавек, якіх праваабарончая супольнасць прызнае палітвязнямі. 1.803, згодна з інфармацыяй на сайце праваабарончага цэнтра “Вясна”, мае статус былых палітвязняў — адбылі тэрмін пакарання, пазбеглі яго, выехаўшы за мяжу, маюць прысуд, не звязаны з няволяй, і інш.

Падзяліцца: