Мінск 12:18

“Кошт урада”: Эканоміцы Беларусі прадказваюць запаволенне росту, а пасля яго адсутнасць

Фота: трактор.бел

9 траўня, Позірк. На фоне афіцыйнай статыстыкі, закліканай паказаць устойлівы эканамічны рост, усё часцей назіраюцца “ліхаманкавыя дзеянні чыноўнікаў” па “вырашэнні разнастайных праблем ад дэфіцыту кадраў да экспарту”, гаворыцца ў аглядзе экспертаў праекта “Кошт урада”.

“Альбо абраная траекторыя росту адкрыта шкодзіць эканоміцы, альбо беларуская эканамічная мадэль перастала функцыянаваць як трэба. Можна меркаваць, што правільнымі будуць абодва фактары адначасова”, — адзначана ў дакуменце.

Па выніках першага квартала 2024 года ВУП Беларусі вырас на 4,1% да аналагічнага перыяду мінулага года. У аглядзе падкрэслена, што гэта “вышэй не толькі чаканняў міжнародных арганізацый і незалежных экспертаў, але нават чыноўнікаў”.

Высокія паказчыкі росту дасягнутыя галоўным чынам за кошт апрацоўчай прамысловасці (+6,5%; тут і далей у гадавым выражэнні), якая падцягвае за сабой сферы гандлю (+11%) і транспарту (+5,4%). Дэманструе рост сельская гаспадарка (+5,7%).

“Прыгожую карціну псуе хіба што сектар IT (-4,2%), — адзначаюць эксперты. — Сфера знаходзіцца ў глыбокай яме ўжо два гады. <…> Па выніках першага квартала 2023 года падзенне складала 16,2% да аналагічнага перыяду 2022-га. Гэты сектар эканомікі, здаецца, амаль намацаў дно свайго спаду, аднак перспектыў, <…> каб пайсці ў рост, не праглядаецца. Для гэтага няма неабходных інстытуцыйных умоў”.

Усё гэта адбываецца на фоне “беспрэцэдэнтна высокіх заробкаў і ўмеранай інфляцыі, ды і беспрацоўе на мінімумах за ўсю гісторыю назірання”.

Пра “цяжкасці ў эканоміцы”, адзначана ў аглядзе, пачынаюць заяўляць у тым ліку чыноўнікі і дзяржСМІ. “Кажуць пра складанасці на расійскім рынку для беларускай прадукцыі — яна губляе сваю канкурэнтаздольнасць перад мясцовымі і кітайскімі вытворцамі, — звяртаецца ўвага ў дакуменце. — Пра крызіс плацяжоў — айчынныя трактары ўжо мяняюць на апельсіны з Афрыкі, пра недахоп правазных магутнасцяў — ідэя выдзеліць сродкі на развіццё беларускай чыгункі ў расійскага боку падтрымкі нечаму не знаходзіць. Адначасова выяўляюцца асцярогі, звязаныя з інфляцыйным навесам у эканоміцы”.

Сітуацыю ў эканоміцы, як і размовы ўладаў пра праблемы з ёй, эксперты лічаць сярод іншага “вынікам адмоўнай селекцыі ў кіраўніцкай вертыкалі”: “Адданыя замянілі эфектыўных, але адказваць за наступствы сваёй працы яны не маюць намеру”.

“У выніку, у сярэднетэрміновай перспектыве эканоміцы Беларусі прадракаюць спачатку запаволенне росту, а пасля і зусім яго адсутнасць, — адзначае “Кошт урада”. — Гэты сцэнарый яшчэ можна назваць аптымістычным, бо ён мае на ўвазе, што дырэктыўнае крэдытаванне працягнецца, жорсткі кантроль за цэнамі ў той ці іншай форме захаваецца, а ключавыя беларускія экспартныя тавары — угнаенні і прадукты нафтаперапрацоўкі — па-ранейшаму будуць знаходзіць попыт на замежных рынках”.

“Але ж маецца яшчэ праблема ўзрослай знешняй запазычанасці перад Расіяй, ліміт вытворчых магутнасцей, санкцыйныя абмежаванні, якія перашкаджаюць інвестыцыям, і многія іншыя праблемы, якія могуць абвастрыцца настолькі, што нават нулявы рост эканомікі здасца ледзь дасягальнай поспехам, — падсумавалі эксперты.

Згодна з найважнейшымі прагнознымі (дэ-факта планавымі) параметрамі развіцця краіны на 2024 год, прырост ВУП павінен скласці 3,8%, а інфляцыя не павінна перавысіць 6%.

Еўразійскі банк развіцця чакае рост беларускай эканомікі па выніках бягучага года на ўзроўні каля 2%, Міжнародны валютны фонд — 2,4%, Сусветны банк — 1,2%, даследчы цэнтр BEROC — 2,1%.

У 2023 годзе ВУП вырас на 3,9%, у 2022-м — знізіўся на 4,7%, у 2021-м эканоміка вырасла на 2,3%, у 2020-м — скарацілася на 0,9%.

Беларусь у першым квартале купіла тавараў амаль на мільярд долараў больш, чым прадала

6 траўня, Позірк. Знешнегандлёвы абарот тавараў у студзені — сакавіку 2024 года склаў 20 млрд 585,4 млн долараў — на 1,9% больш, чым за аналагічны перыяд 2023-га (20 млрд 194,9 млн), сведчаць звесткі Нацыянальнага статыстычнага камітэта. Экспарт за тры месяцы …
Падзяліцца: