Мінск 12:17

Беларусь у першым квартале купіла тавараў амаль на мільярд долараў больш, чым прадала

Крыніца: pixabay.com

6 траўня, Позірк. Знешнегандлёвы абарот тавараў у студзені — сакавіку 2024 года склаў 20 млрд 585,4 млн долараў — на 1,9% больш, чым за аналагічны перыяд 2023-га (20 млрд 194,9 млн), сведчаць звесткі Нацыянальнага статыстычнага камітэта.

Экспарт за тры месяцы дасягнуў 9 млрд 825,7 млн долараў (9 млрд 723,4 млн; 1,1%), імпарт — 10 млрд 759,7 млн (10 млрд 471,5 млн; 2,8%). Адмоўнае сальда — 934 млн долараў (у студзені — сакавіку 2023-га яно складала 748,1 млн долараў).

У студзені 2024-га адмоўнае сальда складала 166,1 млн долараў, у студзені — лютым — 458 млн.

Знешнегандлёвы абарот тавараў у 2023 годзе склаў 83 млрд 424,5 млн долараў (8,6%): экспарт — 40 млрд 168,2 млн (+4,7%), імпарт — 43 млрд. 256,3 млн (+12, 4%), адмоўнае сальда — 3 млрд 88,1 млн долараў.

Даныя па краінах і пазіцыях Белстат не публікуе.

На нарадзе аб развіцці прамысловасці 9 красавіка Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што продажы на знешніх рынках “стабільна павялічваецца тры гады запар”, у першую чаргу на “традыцыйны рынак брацкай Расіі і іншых дзяржаў СНД”.

“Аднак па далёкім замежжы сітуацыя нашмат горшая, — падкрэсліў ён. — Аб’ём продажаў склаў менш за 20% у адносінах да дасанкцыйнага 2021 года. Не выкананы планы па экспарце ў дружалюбныя краіны далёкай дугі. У Афрыцы, Лацінскай Амерыцы, Азіі сёння вялізны попыт на прамысловую прадукцыю. Тут трэба шчыльна працаваць і займаць свае нішы. І найперш на Афрыканскім кантыненце”.

Падзяліцца: