Мінск 17:19

У цэнтры Мінска згарэў аўтобус МАЗ

Фота: "Мінск-Навіны"

19 траўня, Позірк. У Мінску на праспекце Машэрава згарэў аўтобус МАЗ, паведаміла 19 траўня дзяржагенцтва “Мінск-Навіны”.

На апублікаваным фота бачна, што транспартны сродак выгарэў цалкам. Верагодна, аўтобус выкарыстоўваўся ў якасці грамадскага транспарту.

МНС паведаміла, што ніхто не пацярпеў, прычыны інцыдэнту высвятляюцца.

7 траўня Міністэрства па надзвычайных сітуацыях паведаміла аб загаранні пасажырскага аўтобуса, які рухаўся з Пінска (Брэсцкая вобласць) па трасе М1. Інцыдэнт адбыўся недалёка ад пасёлка Энергетыкаў Дзяржынскага раёна (Мінская вобласць).

“У аўтобусе знаходзіліся 48 дзяцей, чатыры суправаджальнікі і кіроўца. Усе пакінулі аўтобус, ніхто не пацярпеў”, — гаварылася ў паведамленні.

Адзначалася, што падраздзяленні МНС ліквідавалі пажар. Аўтобус згарэў практычна цалкам.

Аўтобусы МАЗ рэгулярна загараюцца ў Расіі, прычынай гэтага называюцца санкцыі, уведзеныя супраць прадпрыемства.

Паводле звестак расійскіх СМІ, толькі ў Санкт-Пецярбургу летась загарэлася не менш за 9 аўтобусаў беларускай вытворчасці. Годам раней зафіксавана 8 падобных выпадкаў.

“У сувязі з наяўнасцю заўваг, якія патэнцыйна могуць прывесці да ўзгарання аўтобусаў, прынятае рашэнне аб прыпыненні эксплуатацыі на гарадской маршрутнай сетцы 137 аўтобусаў Мінскага аўтамабільнага завода (МАЗ 203047). Яны паступілі ў Пецярбург па кантрактах 2022 года”, — паведаміла 2 жніўня 2023 года прэс-служба дзяржпрадпрыемства “Пасажыраўтатранс”.

У адказ на запыт віцэ-губернатара Санкт-Пецярбурга Кірыла Палякова ў чэрвені 2022 МАЗ паведаміў, што прычынай узгаранняў можа быць “трапленне алею з сістэмы гідрапрывада вентылятара на гарачыя часткі рухавіка”.

“Ва ўмовах санкцыйнага ціску і парушэння лагістычных ланцужкоў пры пастаўках камплектаў гідрапрывада магла адбыцца замена правераных фланцаў на іншыя, аналагічныя па тэхнічных характарыстыках, але якія не маюць правераных рэферэнцый”, — растлумачыў чыноўнік.

Наяўнасць праблемы з беларускімі аўтобусамі ўскосна прызнаў Лукашэнка, які заявіў 19 верасня 2023 года на сустрэчы з губернатарам Краснадарскага краю Веніямінам Кандрацьевым, што прычына ўзгаранняў пасажырскага транспарту ў Пецярбургу крыецца ў адсутнасці “якаснага і своечасовага абслугоўвання”. Ён прапанаваў наладзіць тэхабслугоўванне на месцы сіламі беларускіх рамонтнікаў.

Падзяліцца: