Мінск 02:56

Дэмсілы павінны спрыяць стварэнню вызваленчай арміі — прадстаўнік блока “Воля” на выбарах у КР

Скрыншот відэатрансляцыі

19 траўня, Позірк. Дэмакратычныя сілы не могуць нічога прапанаваць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі ў фармаце перамоў, але здольныя пагражаць сваёй актыўнасцю, заявіў на канферэнцыі па выбарах у трэці склад Каардынацыйнай рады (КР) 19 траўня ў Варшаве Генадзь Манько, які балатуецца ад блока “Воля” (займае пасаду кіраўніка місіі дэмакратычнай Беларусі ў Кіеве).

Разважаючы пра тое, які з варыянтаў набліжэння перамен у Беларусі — сілавы або мірны — неабходна выбраць, Манько адзначыў, што “кожны на сваім месцы павінен працягваць барацьбу”, а “тыя, хто ў 2020 годзе ўбачыў, што не хапіла нейкай актыўнасці, хто прайшоў вайну ва Ўкраіне, знаходзяцца ў Еўропе, павінны аб’ядноўвацца”.

“Наша задача — стварыць спрыяльныя ўмовы для стварэння войска [вызвалення Беларусі]. Яна рэальная”, — сказаў палітык.

Паводле Манько, “Беларусь — арганізм, які хворы на анкалогію”: “Кожны грамадзянін Беларусі павінен быць клеткай, якая змагаецца з гэтай анкалогіяй і яе знішчае. Калі мы ўсе і кожны будзем разумець, што той бок, гэта вораг, вораг уключыць заднюю перадачу”.

Ігар Валяеў з блока “Салідарнасць” лічыць стварэнне вызваленчага войска “ва ўмовах замежжа” утопіяй і прытрымліваецца думкі, што “ўсе перамены залежаць ад тых, хто знаходзіцца ў Беларусі”.

“Калі мы спатрэбімся там, у Беларусі, калі нарэшце з’явіцца сіла, якая зможа пачаць нямірныя перамены, для гэтага [ужо зараз] трэба праходзіць ваеннае навучанне, хадзіць на стрэльбішчы, вывучаць палявую медыцыну і т.п. Павінны існаваць спецыяльныя арганізацыі за кошт інвестараў”, — лічыць кандыдат у КР.

Аляксандр Дабравольскі, які прадстаўляе кааліцыю “Еўрапейскі выбар”, прытрымліваецца думкі, што для перамогі дэмсіл “патрэбна свая сістэма з лідэрства, да якой маюць дачыненне і [дэмлідар] Святлана Ціханоўская і [Аб’яднаны] пераходны камітэт, і КР як прадстаўнічы орган, які садзейнічае сумеснай рабоце сотняў і тысяч структур”.

“Гэта рэсурсы, інфраструктура супрацоўніцтва і каардынацыі, гэта людзі, якія нават запужаныя, застаюцца на нашым баку, і гэта сілавыя структуры. Хачу нагадаць, што ў 2020 годзе нам не хапіла апошняга — сілавога складніка”, — сказаў ён.

На думку палітолага Розы Турарбекавай, якая ўзначальвае кааліцыю “Наша справа”, пастаноўка пытання “мірны або сілавы план па вызваленні Беларусі” з’яўляецца спрашчэннем і “не дапамагае ў разуменні магчымасцей і абмежаванняў”.

“Каштоўнасць чалавечага жыцця, палітычная мэтазгоднасць, воля да перамогі і рашучы рух да дэмакратыі — вось асноўныя прынцыпы будучага плана вызвалення Беларусі”, — адзначыла яна.

Сяргей Макар з кааліцыі “Закон і правапарадак” лічыць, для перамогі дэмакратычнай Беларусі “не патрэбна вялікае войска”, “трэба некалькі, магчыма, дзесяткаў добра матываваных і дасведчаных спецыялістаў, ужо навучаных і дасведчаных як, што, калі і дзе трэба зрабіць”.

“Гэта менш затратна, але больш эфектыўна. Пасля таго, як уваходзіць група спецыялістаў, зачышчае, вызваляе, мы з задавальненнем запрашаем мітынгоўцаў, якія радасна мітынгуюць і дабіваюцца сваёй мэты. Усе рады і апладзіруюць адно аднаму”, — заявіў палітык.

Праваабаронца Раман Кісляк (спіс “Голас дыяспар”) адзначыў, што яго фракцыя “гатова ўключыцца ў кааліцыю ў межах негвалтоўных дзеянняў устараніць дыктатуру і тыранію ў Беларусі”: “Людзі і грамадства забыліся, што ў іх ёсць вялізная сіла. Калі людзі перастаюць карміць, улада яна проста зьнікне. Неабходна арганізацыя грамадзянскай непадпарадкавання”.

Максім Шабуцкі з кааліцыі “Незалежныя Беларусы” лічыць, што “не стаіць пытанне паміж выбарам мірнага і сілавога сцэнарыя” і неабходна карыстацца ўсім магчымымі рэсурсамі.

“Беларус, які хоча сілавога сцэнара, гэта дурань. Беларус, які не хоча рыхтавацца да сілавога сцэнара — гэта вар’ят”, — лічыць ён.

Андрэй Кушнераў з “Блоку Пракоп’ева — Ягорава” заявіў, што выбар паміж сілавым ці мірным сцэнарам не залежыць ад дэмсіл у эміграцыі і “выбіраць будуць тыя людзі, якія знаходзяцца ўнутры краіны”: “Мільёны нашых суграмадзян жывуць і працуюць унутры Беларусі і для іх жыццё не спынілася ні ў 2020-м, ні ў 2022 годзе. Ключ пераменаў знаходзіцца не ва Украіне, не ў Варшаве і не ў Вільнюсе. Ён у Беларусі”.

Яўген Анкудзінаў з кааліцыі “Хопіць баяцца” заявіў, што “заўсёды быў за сілавы сцэнар і разумеў, што гэтую машыну [рэпрэсій] не зламаць мірнымі шэсцямі і не дамовіцца”: “Ключ да нашай свабоды знаходзіцца не ў Крамлі , а ва Украіне. Мы не зробім мірныя перамовы, бо з намі размаўляць не будуць, але мы можам рабіць свае баявыя атрады, фармаванні”.

“Наш галоўны саюзнік зараз — гэта Украіна. Агульнага ворага можна перамагчы толькі сілавым метадам”, — мяркуе экс-добраахвотнік палка імя Каліноўскага з кааліцыі “Краіна для жыцця” Уладзімір Лаўранюк.

“Рашэнне аб нашай будучыні будзе прымацца ў Беларусі. Мы адмаўляемся прымаць сілавы сцэнар як адзіны спосаб рашэння”, — заявіў эканаміст Аляксандр Аўтушка-Сікорскі, які прадстаўляе кааліцыю “Маладзёвы наступ”.

Сярод прыярытэтаў для змены сітуацыі прадстаўнік “Каманды Латушкі і Руху “За свабоду”, юрыст Міхаіл Кірылюк вылучыў узмацненне санкцыйнага ціску: “Калі мы расслабімся, гэта толькі дапаможа Крамлю і Лукашэнку. Палітвязні — гэта людзі, якія стварылі найбольшую пагрозу Лукашэнку за ўсе 30 гадоў. Ён не адпусціць іх, калі мы аслабім ціск”.

Выбары ў Каардынацыйную раду пачнуцца 25 траўня і працягнуцца тры дні — да 23:59 27 траўня. Першае паседжанне КР трэцяга склікання чакаецца 15 чэрвеня.

Камітэт дзяржаўнай бяспекі прызнаў усе 12 кааліцый кандыдатаў на выбары ў трэці склад Каардынацыйнай рады “экстрэмісцкімі фарміраваннямі”.

Падзяліцца: