Мінск 08:21

У Мінску задыміліся чарговыя аўтобусы грамадскага транспарту — дзяржСМІ

Скрыншот: "Мінск-Навіны"

21 траўня, Позірк. Аб задымленні ў сталіцы двух аўтобусаў грамадскага транспарту паведаміла 21 траўня дзяржагенцтва “Мінск-Навіны”.

У мікрараёне Уручча ў выніку “закліноўвання генератара” задыміўся аўтобус МАЗ, гаворыцца ў паведамленні. Сцвярджаецца, што “адбылося расслаенне і абрыў прываднага рамяня”, для тушэння кіроўца скарыстаўся вогнетушыцелем.

“Аўтобус быў адбуксіраваны ў парк для рамонту. Пацярпелых няма”, — адзначыла дзяржСМІ.

Паведамляецца таксама аб задымленні аўтобуса № 84 на прыпынку “Пятроўшчына”.

“Там спрацавала сістэма пажаратушэння. Кіроўца прыняў неадкладныя меры па абясточванні аўтобуса. Узгарання не было. Пацярпелых няма”, — удакладняецца ў публікацыі.

Марка аўтобуса не называецца.

19 траўня паведамлялася, што ў Мінску на праспекце Машэрава згарэў аўтобус МАЗ. Транспартны сродак выгарэў цалкам. МНС адзначыла, што ніхто не пацярпеў, прычыны інцыдэнту высвятляюцца.

7 траўня Міністэрства па надзвычайных сітуацыях паведаміла аб загаранні пасажырскага аўтобуса, які рухаўся з Пінска (Брэсцкая вобласць) па трасе М1. Інцыдэнт адбыўся недалёка ад пасёлка Энергетыкаў Дзяржынскага раёна (Мінская вобласць).

“У аўтобусе знаходзіліся 48 дзяцей, чатыры суправаджальнікі і кіроўца. Усе пакінулі аўтобус, ніхто не пацярпеў”, — гаварылася ў паведамленні.

Адзначалася, што падраздзяленні МНС ліквідавалі пажар. Аўтобус згарэў практычна цалкам.

Аўтобусы МАЗ рэгулярна загараюцца ў Расіі, прычынай гэтага называюцца санкцыі, уведзеныя супраць прадпрыемства.

Паводле звестак расійскіх СМІ, толькі ў Санкт-Пецярбургу летась загарэлася не менш за 9 аўтобусаў беларускай вытворчасці. Годам раней зафіксавана 8 падобных выпадкаў.

“У сувязі з наяўнасцю заўваг, якія патэнцыйна могуць прывесці да ўзгарання аўтобусаў, прынятае рашэнне аб прыпыненні эксплуатацыі на гарадской маршрутнай сетцы 137 аўтобусаў Мінскага аўтамабільнага завода (МАЗ 203047). Яны паступілі ў Пецярбург па кантрактах 2022 года”, — паведаміла 2 жніўня 2023 года прэс-служба дзяржпрадпрыемства “Пасажыраўтатранс”.

У адказ на запыт віцэ-губернатара Санкт-Пецярбурга Кірыла Палякова ў чэрвені 2022 МАЗ паведаміў, што прычынай узгаранняў можа быць “трапленне алею з сістэмы гідрапрывада вентылятара на гарачыя часткі рухавіка”.

“Ва ўмовах санкцыйнага ціску і парушэння лагістычных ланцужкоў пры пастаўках камплектаў гідрапрывада магла адбыцца замена правераных фланцаў на іншыя, аналагічныя па тэхнічных характарыстыках, але якія не маюць правераных рэферэнцый”, — растлумачыў чыноўнік.

Наяўнасць праблемы з беларускімі аўтобусамі ўскосна прызнаў Лукашэнка, які заявіў 19 верасня 2023 года на сустрэчы з губернатарам Краснадарскага краю Веніямінам Кандрацьевым, што прычына ўзгаранняў пасажырскага транспарту ў Пецярбургу крыецца ў адсутнасці “якаснага і своечасовага абслугоўвання”. Ён прапанаваў наладзіць тэхабслугоўванне на месцы сіламі беларускіх рамонтнікаў.

Падзяліцца: